Пошук

22.12.2021 12:47   Тэкст: Арцём Ткачук / Фота: Ганна Мацко / Catholic.by

18 снежня выкладчыкі і студэнты Мінскага тэалагічнага каледжа святога Яна Хрысціцеля сабраліся на вігілійную сустрэчу перад святамі Божага Нараджэння.

У гэты дзень з імі падзяліўся традыцыйнай аплаткай Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Вігілія стала першым знаёмствам іерарха з гэтай касцёльнай навучальнай установай, у якой навучэнцы вывучаюць тэалогію і іншыя дысцыпліны, неабходныя для паглыблення веры і яе абвяшчэння братам і сёстрам.

Арцыпастыра цёпла прывітаў дырэктар каледжа ксёндз доктар канонік Ян Крэміс, з якім яны разам вучыліся на адным курсе ў духоўнай семінарыі ў Гродне. У сустрэчы ўзялі ўдзелш навучэнцы і выкладчыкі, у тым ліку святары: ксёндз канонік Дзмітрый Барыла, ксёндз Аляксандар Шамрыцкі MIC, айцец Аркадзь Куляха OCD, айцец Сяргей Трысцень OCD, ксёндз Аляксандр Фаміных.

Вігілія распачалася святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Станеўскі. Напачатку ён прывітаў удзельнікаў ужо прывычнай цытатай з біблійнай кнігі Быцця: «Я Юзаф, ваш брат».

У прамоўленай гаміліі іерарх заахвоціў навучэнцаў занесці святло рэлігійных ведаў у іх дамы, а таксама прасіў перадаць калядныя віншаванні родным і блізкім.

Пасля Эўхарыстыі ўсе прысутныя ўзялі ўдзел у віктарыне, якую падрыхтавалі навучэнцы другога курса. Удзельнікі адказвалі не толькі на рэлігійныя пытанні, але таксама рабілі пантаміму паводле біблейскага сюжэту і спявалі калядкі.

           

Напрыканцы вігілійнай сустрэчы студэнты і выкладчыкі традыцыйна дзяліліся аплаткамі, абменьваючыся святочнымі віншаваннямі і пажаданнямі. Пасля мерапрыемства Ірына Рагацэвіч, студэнтка першага курса, падзялілася сваімі ўражаннямі:

«Дзякуючы конкурсам, у якіх удзельнічалі ўсе курсы, мы змаглі лепш пазнаёміцца адзін з другім». Яна дадала, што, на яе думку, праца ў групах, віншаванні і праведзены разам час выдатна гуртуюць навучэнцаў і выкладчыкаў.

Абноўлена 22.12.2021 12:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця