21 снежня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў суправаджэнні Апостальскага нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь арцыбіскупа Антэ Ёзіча сустрэўся з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем.
У сустрэчы браў удзел таксама першы намеснік міністра, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе Сяргей Алейнік.
Як паведамляецца на сайце МЗС Беларусі mfa.gov.by, асноўнымі тэмамі гутаркі сталі актуальнае становішча Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь, узаемадзеянне Святога Пасаду і афіцыйнага Мінска, а таксама некаторыя іншыя пытанні двухбаковага і шматбаковага парадку дня.
Па выніках абмеркавання бакі пацвердзілі імкненне да ўмацавання міжканфесійнага дыялогу, актывізацыі супрацоўніцтва ў розных сферах для дасягнення далейшай станоўчай дынамікі ўзаемадзеяння.
Як адзначаецца на сайце міністэрства, Уладзімір Макей пажадаў арцыбіскупу Станеўскаму доўгай і плённай працы на новай пасадзе.