Пошук

16.12.2021 11:56   Тэкст: Вольга Чайкоўская / Фота: Ніна Бабіч / Catholic.by

У ноч з 11 на 12 снежня ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі прайшло адвэнтавае чуванне моладзі. Тэмай сустрэчы сталі словы: «Прыйдзіце, убачце і абвяшчайце ўсім народам».

Моладзь сабралася, каб супольна праславіць Бога і разам падрыхтавацца да сустрэчы з Хрыстом перад святам Яго Нараджэння.

У чуванні ўзялі ўдзел каля 170 юнакоў і дзяўчат, якія прыехалі з розных мясцін нашай краіны.

Распачалася сустрэча святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Напачатку пастыр, які ў беларускім каталіцкім епіскапаце адказвае за моладзь, прывітаў усіх удзельнікаў чування: «Гэты час — час роздуму, час прыпынку. Гэта час, каб задаць сабе пытанне: „Каго мы чакаем або чаго чакаем ад Пана, што Ён нам дасць? Напэўна, кожны з нас хоча, каб нашыя сем’і, нашае грамадства жыло ў спакоі, любові, бо гэтага патрабуе чалавек як свежага паветра; прабачэння, згоды, як хлеба штодзённага, які на нашым стале».

У гаміліі арцыбіскуп Станеўскі звярнуўся да моладзі са словамі: «Вы — тыя, хто ў гэтым свеце абвяшчае Евангелле ў сваім асяроддзі. Таму, хлопча, табе кажу, устань! Дзяўчына, табе кажу, устань! Дзякуй вам, юнакі і дзяўчаты, якія паслухаліся гэтага закліку Езуса сённяшнім вечарам. <…>

Радуйцеся і не бойцеся! Езус прыходзіць, каб нас збавіць, каб нас павесці хоць цяжкім, але пэўным шляхам да радасці прабывання з Ім. Трэба дзяліцца Евангеллем, як хлебам. І гэта ў нашых сілах, у нашай моцы, асабліва ў вашай», — дадаў іерарх.

На заканчэнне святой Імшы арцыпастыр духоўна падзяліўся аплаткай з моладдзю і выказаў пажаданні з надыходзячымі святамі Божага Нараджэння.

Літургія была добра падрыхтавана моладдзю з парафіі святога Яна Хрысціцеля са сталічнага мікрараёна Серабранка, што спрыяла чыннаму ўдзелу ў ёй усіх прысутных.

Наступным пасля Імшы пунктам праграмы моладзевага чування была канферэнцыя, якую правяла сястра Валянціна з кангрэгацыі дачок Міласэрнасці святога Вінцэнта дэ Поля.

Дзякуючы ёй моладзь больш даведалася аб ордэне сясцёр шарытак, аб іх заснавальніцы, харызме кангрэгацыі і цудадзейным медальёне, які атрымала святая Кацярына Лябурэ падчас аб’яўлення Маці Божай. Таксама ўдзельнікі атрымалі медальёны як бачны знак абароны ад зла праз заступніцтва Божай Маці.

Потым моладзь, утульна ўладкаваўшыся ў мяккіх пуфіках і ўкрыўшыся цёплымі пледамі, глядзела фільм «Боскае нараджэнне».

Прадстаўнікі мінскай парафіі святога Сымона і святой Алены правялі ружанец з разважаннямі і музычным суправаджэннем.

Каб моладзь магла фізічна падсілкавацца і больш даведацца адзін аб адным, быў прадугледжаны перапынак на каву.

Чуванне ўпрыгожыла цудоўным спевам моладзь з парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску. Маладыя людзі з гэтай парафіі правялі адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой кожны ўдзельнік мог адкрыць сваё сэрца Богу і праславіць Яго за ўсе дары і цудоўныя справы.

Пасля адарацыі усе прысутныя атрымалі аплаткі, якімі маглі падзяліцца з удзельнікамі чування або забраць іх дадому, каб там падзяліцца са сваімі блізкімі.

На заканчэнне адвэнтавага чування ксёндз Андрэй Бурак, які адказвае за моладзь Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, падзякаваў усім удзельнікам моладзевага чування і пажадаў плённага перажывання часу радаснага чакання Нараджэння Пана.

Абноўлена 16.12.2021 11:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця