
Вучні Нарацкай сярэдняй школы № 2 разам са сваімі педагогамі стварылі ўнікальны анлайн-праект — віртуальную пілігрымку ў Будслаў.
Духоўна-пазнавальны ролік ад школьнікаў з Нарачы змешчаны на youtube-канале мядзельскай раённай газеты «Нарачанская зара».
Паколькі пасля пажару ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай да гэтага часу набажэнствы ў касцёле не праводзяцца, праект нарачанцаў дапамагае ўсім ахвотным прынамсі віртуальна дакрануцца да вялікай святыні нашага народа.
Як кажуць самі юныя стваральнікі 13-хвіліннага роліка, такім чынам яны хацелі ўкласці сваю духоўную цаглінку ў адбудову будслаўскага касцёла і даць магчымасць пабываць у Будславе, «не даехаўшы туды нейкіх там 60 кіламетраў».
Школьнікі апавядаюць пра гісторыю Будслаўскай святыні, пра звязаныя з ёю цуды, а таксама пра пілігрымкі на Будслаўскі фэст, прызнаны ЮНЕСКА часткаю нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
Віртуальная пілігрымка завяршаецца аптымістычным развітаннем-пажаданнем маладзёнаў: «Да сустрэчы ў Будславе!»