Пошук

02.12.2021 12:16   Паводле: Grodnensis.by

30 лістапада, у свята святога апостала Андрэя ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях прайшла фармацыйная сустрэча для духавенства Гродзенскай дыяцэзіі да пяці гадоў святарства.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у сустрэчы, якая зноў адбылася пасля працяглага эпідэмічнага перапынку, удзельнічалі восем маладых святароў.

Падчас сустрэчы цэлебрацыю Імшы ў дыяцэзіяльным санктуарыі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

На пачатку Эўхарыстыі іерарх падкрэсліў, што трэба нястомна дзякаваць Богу за дар паклікання, якім Пан адарыў кожнага святара.

У прамоўленай гаміліі ксёндз канонік Павел Салабуда, які нядаўна быў прызначаны мадэратарам пастаяннай фармацыі маладых святароў Гродзенскай дыяцэзіі і ў першы раз арганізаваў такую сустрэчу, засяродзіўся на тым, як выкарыстаць час Адвэнту для асабістага дыялогу з Богам. Святар падкрэсліў, што падчас штодзённага выканання сваіх душпастырскіх абавязкаў варта на адвэнтавым шляху спыніцца на хвіліну і зірнуць на сваё жыццё, а таксама пастаянна дзякаваць Богу за тое, што з’яўляешся святаром, пасланым, каб несці людзям радасць Евангелля.

З дакладам на тэму «Сродкі сацыяльнай камунікацыі ў душпастырстве» выступіў пробашч парафіі святога Міхала Арханёла ў Навагрудку ксёндз доктар Юрый Жэгарын.

Святар звярнуў увагу на тое, што інтэрнэт можа быць толькі прыладай першаснага кантакту, якая павінна весці да сапраўднай міжперсанальнай камунікацыі, а таксама служыць перадачы сацыяльна значнай інфармацыі, напрыклад, у арганізацыйных справах.

Святар адзначыў, што ёсць дзвe асноўныя мэты карыстання сродкамі сацыяльнай камунікацыі: актывізацыя ўласнай парафіяльнай супольнасці і пошук новых людзей, a рэалізацыя гэтага — вельмі працаёмкі працэс, які патрабуе пэўных навыкаў.

Па словах ксяндза Жэгарына, сацыяльныя сеткі можна ўспрымаць вельмі інструментальна, як прыладу, якая можа адрасна, у рэальнай камунікацыі, дапамагчы чалавеку. Святар дадаў, што той, хто ажыццяўляе перадачу і мае намер прывесці чалавека да рэальнай камунікацыі, сам павінен быць дастаткова сацыялізаваным і камунікабельным.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця