27 лістапада ў касцёле святога Піо ў Маладзечне Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне брату Уладзіславу Мінько, капуцыну.
Гэта было першае пасвячэнне, удзеленае арцыпастырам у якасці ардынарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Новапрэзбітэр брат Уладзіслаў паходзіць з парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску. Падрыхтоўку да святарства ён распачаў у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Ломжы (Польшча). Адчуўшы пакліканне да манаскага жыцця ў духу харызмы святога Францішка Асізскага, уступіў у Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў. Завяршыў тэалагічнае навучанне ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Любліне. Заключным этапам падрыхтоўкі да святарства стала дыяканскае служэнне ў Докшыцах і Маладзечне.
З Першай нядзелі Адвэнту 28 лістапада брат Уладзіслаў Мінько распачаў святарскае служэнне ў якасці вікарыя парафіі святога Казіміра ў Маладзечне.
У той самы дзень новапрэзбітэр цэлебраваў прыміцыйную святую Імшу ў касцёле Маці Божай Будслаўскай ў Мінску.