28 лістапада, у першую нядзелю Адвэнту, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч благаславіў адноўленую гістарычную амбону ў касцёле Адшукання Святога Крыжа ў Гродне (пабернардынскім).
Іерарх па запрашэнні пробашча парафіі ксяндза прэлата Антонія Ханькі ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы разам з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.
Як паведамляе прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у гаміліі, якую арцыбіскуп прамовіў з адноўленай амбоны, ён падкрэсліў, што галоўным заданнем Адвэнту з’яўляецца не знешняя падрыхтоўка да святаў Божага Нараджэння, а распазнанне стану нашага духоўнага жыцця, выяўленне яго хваробаў і спосабаў лячэння, каб гэтыя хваробы не сталі хранічнымі і смяротнымі.
«Толькі тады Адвэнт будзе мець сэнс і Езус народзіцца ў нашых сэрцах сваёй ласкай», — дадаў іерарх.
«Святы апостал Павел вучыць, што вера ад слухання. З амбоны гучыць Божае слова, якое неабходна слухаць больш, чым людзей, каб паспяхова вырашаць праблемы і не страціць надзеі на лепшую будучыню», — сказаў арцыпастыр.
Заслужаны іерарх нагадаў прысутным, што роўна 60 гадоў таму ў ноч з 28 на 29 лістапада быў узарваны найстарэйшы гродзенскі касцёл — Фара Вітаўта.
Гэтае злачынства, паводле арцыбіскупа, стала наступствам выхавання без Бога, «калі ўсё дазволена, у тым ліку руйнаванне помнікаў сакральнай архітэктуры».
Іерарх падкрэсліў, што адноўленая амбона будзе нагадваць людзям аб вечна жывым і актуальным Божым слове з мэтай умацавання веры і хрысціянскага сведчання, «каб Беларусь стала Бэтлеемам ХХІ стагоддзя, святло якога асветліць духоўную цемру нашага часу, надасць нашаму жыццю вызначаны Богам напрамак і прынясе такі доўгачаканы супакой».
На заканчэнне Імшы пробашч парафіі ксёндз Антоні Ханька падзякаваў іерархам за супольную малітву на парозе новага літургічнага года і выказаў надзею, што пастырскае благаслаўленне, якое яны ўдзялілі прысутным вернікам, дапаможа добра і плённа перажыць час Адвэнту.