Пошук

24.11.2021 16:14   Тэкст: Ірына Шаўструк / Jan.by / Фота: Віталій Палінеўскі, Мікола Новікаў / Catholic.by

21 лістапада Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафію святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Кольбэ ў Мінску, дзе ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету ўзначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі і ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў гэтай маладой каталіцкай супольнасці сталіцы.

Згодна з традыцыяй, парафіяне разам са сваімі душпастырамі — святарамі з супольнасці хрыстусоўцаў — прывіталі дарагога госця хлебам-соллю.

З прывітальным словам да арцыбіскупа звярнуўся пробашч парафіі ксёндз Алег Шпець TChr, а моладзь і іх бацькі папрасілі арцыбіскупа аб ўдзяленні сакрамэнту канфірмацыі.

У адказ малады Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт падзякаваў за запрашэнне, назваўшы невялічкую парафіяльную капліцу, побач з якой будуецца новы касцёл у гэтым вялікім «спальным» мікрарёне сталіцы, «узгоркам надзеі».

«Гэтая каплічка з’яўляецца месцам сустрэчы чалавека з Богам і Бога з чалавекам. Як жа добра, што яна ўзвышаецца тут, у цэнтры мікрараёна. Я прыходжу да вас сёння як брат у веры, каб разам з вамі перажыць гэты дзень», — сказаў арцыпастыр.

У прамоўленай гаміліі ён засяродзіўся на ролі моладзі ў Касцёле, цытуючы словы Папы Францішка. Звярнуўшыся да маладых людзей, арцыбіскуп сказаў: «Касцёл — гэта жыццё. Вы сваёй прысутнасцю, сваімі дзеяннямі, сваім энтузіязмам робіце яго жывым, маладым.

Сакрамэнт канфірмацыі — гэта не толькі намеры, але і канкрэтныя справы. Вы становіцеся дарослымі ў веры, а гэта значыць, што вы павінны ўжо не толькі вызнаваць веру, але і бараніць яе, перадаваць іншаму чалавеку, каб усе пазналі Хрыста», — сцвердзіў іерарх.

Пасля гаміліі арцыбіскуп Станеўскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі, у якім 21 кандыдат прыняў дар Духа Святога.

Гэтае сакральнае дзеянне суправаджалася спевам у выкананні моладзевага хору. «Хай прыходзіць Дух Твой і зямлю адновіць!» — спявалі юнакі і дзяўчаты.

На заканчэнне святой Імшы іерарх павіншаваў новаканфірмаваных і пажадаў маладым вернікам, каб яны «не толькі глядзелі, але бачылі і ўмелі дзяліцца любоўю Езуса Хрыста, якую самі спазналі».

У выхаваўчых мэтах арцыпастыр запрасіў прысутных у якасці «хатняга задання» паглядзець мастацкі фільм «Бог не памёр» — усе тры часткі.

 

 

Абноўлена 24.11.2021 16:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.