20–21 лістапада група моладзі з мінскай катэдральнай парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі наведала Магілёў. Такім чынам юнакі і дзяўчаты са сталіцы адзначылі 36-ы Сусветны дзень моладзі на дыяцэзіяльным узроўні.
Па рашэнні Папы Францішка правядзенне моладзевага форуму ў дыяцэзіях сёлета ўпершыню было перанесена з Пальмовай нядзелі на нядзелю Хрыста Валадара сусвету.
Мэтай падарожжа маладых католікаў з Мінска ў горад, які стаў першай біскупскай сталіцай на тэрыторыі сучаснай Беларусі, было імкненне больш даведацца пра розныя мясціны нашай краіны, а таксама палепшыць і ўмацаваць адносіны адно з адным праз сумесны адпачынак.
Згодна з праграмай, у суботу 20 лістапада моладзь з экскурсіяй наведала музей гісторыі Магілёва, які месціцца ў гарадской ратушы, а таксама паглядзела творы, сабраныя ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі. Вольны час быў прысвечаны прыемнаму шпацыраванню па прыгожых мясцінах горада на Дняпры.
У нядзелю моладзь удзельнічала ў святой Імшы ў галоўным касцёле Магілёва — катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава. Там яны сустрэліся з Біскупскім вікарыем для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB, які ў духу харызмы святога ксяндза Боско заўсёды гатовы духоўна суправаджаць маладых вернікаў.
У гэты дзень іх аднагодкі ў Мінску маліліся разам з арцыбіскупам Станеўскім.
Іерарх, згадаўшы пра юнакоў і дзяўчат, якія на дзень моладзі скіраваліся ў Магілёў, назваў іх «апосталамі ў дарозе», дадаўшы, што сваёй вандроўкай і прысутнасцю яны сведчылі аб веры ў Езуса Хрыста.
У падарожжы моладзь мела магчымасць убачыць прыгажосць Бацькаўшчыны, яшчэ больш даведацца адзін пра аднаго і паглыбіць адносіны з Богам і з бліжнімі.