Пошук

23.11.2021 15:42   Фота: Дзiяна Трышына / Catholic.by

21 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, святой Імшой у мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адзначылі 36-ы Сусветны дзень моладзі на дыяцэзіяльным узроўні.

Урачыстую цэлебрацыю з гэтай нагоды ў галоўнай каталіцкай святыні беларускай сталіцы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім маліўся Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, а таксама адказны за моладзь ксёндз Андрэй Бурак.

Такім чынам каталіцкая моладзь сталіцы на чале са сваім маладым арцыпастырам адзначыла Сусветны дзень моладзі на дыяцэзіяльным узроўні.

Па рашэнні Папы Францішка ўпершыню прайшоў не ў Пальмовую нядзелю, як гэта было раней, а ў апошнюю нядзелю літургічнага года, калі ў Касцёле адзначалася ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету.

Тэмай сёлетняга, 36-а Сусветнага дня моладзі на дыяцэзіяльным узроўні сталі словы: «Устань. Я раблю цябе сведкам таго, што ты бачыў» (пар. Дз 26, 16). Арцыбіскуп Станеўскі, які ў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з’яўляецца адказным за моладзь, скіраваў з гэтай нагоды сваё слова да маладых беларускіх католікаў. У ім арцыпастыр звярнуўся да юнакоў і дзяўчат як да сваіх дарагіх сяброў і следам за Папам Францішкам запэўніў іх у тым, што яны патрэбныя Касцёлу.

«Касцёлу патрэбная ваша маладосць, энтузіязм, а вам патрэбны Езус!» — падкрэсліў іерарх.

Ён растлумачыў, што Бог не з’яўляецца супернікам свабоды маладога чалавека, і што вера — гэта не шэраг забаронаў, а вялікае «так» радасці, нават калі яна патрабуе высілкаў. «Памятайце: вера не з’яўляецца ворагам розуму, але яна шукае розуму гэтак жа, як розум мае патрэбу ў веры, каб быць дасканалым», — дадаў арцыбіскуп.

Ён яшчэ раз перадаў маладым беларускім католікам адрасаваную моладзі просьбу Папы Францішка зрабіць Касцёл маладым сваёй прысутнасцю ў ім, сваёй маладосцю, планамі і пытаннямі.

Звярнуўшы ўвагу на тэму сёлетняга Сусветнага дня моладзі, іерарх запрасіў маладых людзей духоўна «ўстаць» і даць сведчанне любові і павагі, якія можна ўвесці ў чалавечыя адносіны, у сямейнае жыццё, у дыялог паміж бацькамі і дзецьмі, маладымі і старымі.

«Любая моладзь! Заахвочваю вас, адкрыемся ж, каб слухаць голас Бога праз нашых братоў і сясцёр, каб дапамагчы адзін аднаму падняцца, каб быць прарокамі новага часу, поўнымі надзеі на ўзор Марыі Панны: „Марыя ўстала і пайшла паспешна“ (пар. Лк 1, 39).

Таму ўстань, паспяшайся, дапамажы, накіруй, будзь праводнай зоркай, якая паказвае шлях», — заахвоціў беларускіх юнакоў і дзяўчат арцыбіскуп Юзаф Станеўскі словамі, абранымі ў якасці дэвізу 38-х Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у жніўні 2023 года ў сталіцы Партугаліі Лісабоне.

На святой Імшы з удзелам іерархаў сабралася моладзь з розных парафій Мінска. У сувязі са складанай санітарнай сітуацыяй арганізатары прапанавалі маладым людзям з іншых мясцін архідыяцэзіі духоўна далучыцца да супольнай малітвы з арцыпастырам праз анлайн-трансляцыю.

Абноўлена 23.11.2021 16:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.