Пошук

22.11.2021 15:51   Тэкст і фота: Марына Валасар / Catholic.by

З 18 па 21 лістапада ў Навагрудку праходзіў першы Міжнародны малітоўны кангрэс у абарону жыцця, у якім узялі ўдзел Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Арганізатарам мерапрыемства, якое сабрала ў горадзе Міцкевіча больш за 80 пралайфераў з Беларусі, Расіі і Германіі, выступіў дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы», які дзейнічае ў абарону жыцця, сужэнства і сям’і.

Праграма кангрэсу ўключала шэраг канферэнцый на тэму абароны жыцця і традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, якія праводзілі прадстаўнікі фонду, пралайф-актывісты з Беларусі і з-за мяжы, а таксама святары.

Са спецыяльным дакладам на форуме выступіў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, які заўсёды мужна адстойваў згодныя з Божай задумай адносіны да чалавечага жыцця. Тэма даклада заслужанага іерарха гучала: «Трыпціх вучэння Яна Паўла ІІ, Бэнэдыкта XVI і Францішка аб каштоўнасці Божага дару жыцця». У сваіх разважаннях арцыпастыр прадставіў вучэнне трох апошніх папаў пра абарону і захаванне Божага дару жыцця як сваеасаблівы трыпціх.

«Мы перажываем эпоху атакі на чалавечае жыццё і міжнароднай адмысловай змовы супраць Божага дару жыцця. Дасягненні навукі выкарыстоўваюцца для маніпуляцыі над чалавечым жыццём.

У сучасным свеце адбываецца барацьба паміж культурай жыцця і культурай смерці, што з’яўляецца змаганнем за захаванне нашай цывілізацыі. Папа заклікаў да сусветнай мабілізацыі сумленняў з мэтай бараніць чалавечае жыццё і будаваць яго культуру», — падкрэсліў у сваёй прамове арцыбіскуп Кандрусевіч.

Удзельнікам кангрэса ў Навагрудку даслаў прывітальнае слова біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч з падзякай за iх актыўны ўнёсак у справу абароны зачатага жыцця.

«Kожны з вас, дарагія браты і сёстры, сваім спосабам, па меры ўласных магчымасцяў і згодна з атрыманым ад Бога пакліканнем, бярэ ўдзел у будаўніцтве і падтрымцы ў нашым грамадстве цывілізацыі жыцця, заснаванай на хрысціянскім бачанні чалавека, якое шануе кожнае чалавечае жыццё з моманту зачацця да натуральнай смерці», — напісаў пастыр Гродзенскай дыяцэзіі.

Іерарх падкрэсліў, што святы Касцёл, чый абавязак — захаванне вернасці Хрыстоваму Евангеллю, нястомна бароніць права кожнага чалавека на жыццё. Біскуп дадаў, што «голасам Касцёла ў абарону жыцця з’яўляюцца не толькі афіцыйныя дакументы, заявы Папаў і іншых іерархаў.

Голасам Касцёла з’яўляюцца таксама малітвы і сведчанні вернікаў, якія з патрэбы сэрца, адчуваючы адказнасць за ўласнае грамадства, просяць аб свеце больш справядлівым, чулым да чалавека і яго неад’емнай годнасці; тым, які шануе бясспрэчныя і вечныя каштоўнасці, сярод якіх чалавечае жыццё — адна з найважнейшых», — сцвердзіў біскуп Кашкевіч.

У межах кангрэсу прагучалі сведчанні людзей, жыццё якіх было пэўным чынам закранутае абортамі. Форум праходзіў у атмасферы пастаяннай малітвы. Кожны дзень адбывалася святая Імша, удзельнікі маліліся на ружанцы, праводзілася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і тэматычны Крыжовы шлях.

20 лістапада раніцай ўдзельнікі вырушылі ў пакаянную пілігрымку з Навагрудка ва Уселюб як знак перапрашэння за грахі супраць жыцця. Вернікі трымалі ў руках 52 белых крыжы як сімвал ненароджаных дзяцей. Менавіта столькі абортаў, па статыстыцы, здзяйсняецца кожны дзень у Беларусі.

Практычна ўвесь час пілігрымы маліліся на ружанцы, давяраючы Маці Божай ўсіх ненароджаных дзяцей, якім пагражае аборт, а таксама іх бацькоў, родных і знаёмых; прасілі ў Бога прабачэння за ўжо здзейсненыя аборты і міласэрнасці да ўсіх, хто нейкім чынам быў з звязаны з забойствам ненароджаных.

Ва Уселюбе ксёндз Віталій Цыбульскі, пробашч мясцовай парафіі, правёў для ўдзельнікаў канферэнцыю на тэму сапраўднага служэння Богу і бліжняму, а потым пілігрымы памаліліся на ружанцы перад фігурай Маці Божай Новага Жыцця. Правёў набажэнства ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB.

Увечары адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Алег Буткевіч. Эўхарыстыя суправаджалася ўрачыстым актам пакаяння, у якім вернікі разам са святарамі і біскупам леглі крыжам на падлогу ў святыні. Гэта быў знак перапрашэння за ўсе грахі супраць жыцця, здзейсненыя ў нашай краіне.

У апошні дзень працы кангрэса прайшла анлайн-канферэнцыя з нямецкім сацыёлагам і псіхолагам Габрыэлай Кубі, якая падзялілася сваім вопытам абароны жыцця і традыцыйных каштоўнасцяў у Германіі і іншых еўрапейскіх краінах. Удзельнікі былі вельмі ўзрушаныя пачутым і актыўна задавалі пытанні.

Кіраўнік фонда «Адкрытыя сэрцы» Уладзіслаў Валаховіч заўважыў, што малітоўны фармат кангрэсу арганізатары перанялі ад пралайф руху ў Еўропе, дзе такія мерапрыемствы адбываліся з 2006 па 2015 гады. Ідэю таго, «што малітва павінна быць першаснай, а ўсё астатняе — потым», упершыню выказаў святар са Злучаных Штатаў монсіньёр Філіп Рэйлі, які атрымаў натхненне ад Бога, «што не трэба змагацца з абортамі або з тымі, хто гэтыя аборты робіць, але проста маліцца перад абартарыем, як перад Галготай».

«Ён маліўся і ўбачыў, што сітуацыя пачала змяняцца: і на ўзроўні палітыкі, і на ўзроўні касцёльных адносін. Ён зразумеў, што малітва — гэта тое, што трэба», — заўважыў Уладзіслаў Валаховіч.

Напачатку малітоўныя кангрэсы пачалі праводзіцца ў розных краінах Еўропы. Беларускія пралайферы пазычылі такую мадэль у аўстрыйскіх паплечнікаў.

«Мы ўбачылі, што гэта працуе. Напрыклад, у Віцебску мы маліліся два гады ў абартарыі: праз два гады яго закрылі і разбурылі, і ён ужо дзесяць гадоў стаіць разбураны. У Магілёве абартарый не разбуралі, таму што гэта было аддзяленне бальніцы, але ён шэсць разоў пераязджаў на новае месца. Ніводнае аддзяленне ў бальніцы так не пераязджае, як гэты абартарый. Так што мы бачым, што малітва рэальна працуе, і таму мы рызыкнулі, хоць вельмі баяліся гэтай сітуацыі з каранавірусам”, — заўважыў дарэктар фонда «Адкрытыя сэрцы».

«Я вельмі ўдзячная святарам і біскупам, якія нас падтрымалі ў малітве. Гэта важна, таму што яны нашыя „капітаны“. Нам вельмі патрэбныя святыя святары і спадзяёмся, што ў нас іх будзе станавіцца больш», — заўважыла ўдзельніца кангрэса Марына Маслава з Глуска.

Кангрэс завяршыўся 21 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара сусвету. Раніцай цэлебрацыю Эўхарыстыі для ўдзельнікаў узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які заўважыў, што Бог з’яўляецца адзіным Валадаром жыцця: Ён яго дае чалавеку і толькі Ён можа яго забраць.

«У мінулым годзе ў Беларусі было зроблена каля 30 тысяч абортаў. Гэта не што іншае, як генацыд нашага народа, які здзейсняецца рукамі самога народа! Да абароны Божага дару жыцця заклікае Божы закон „не забівай“. Мы не можам супрацьпаставіцца яму, бо прыйдзем да катастрофы, якая ўжо праяўляецца ў дэмаграфічным крызісе», — адзначыў заслужаны іерарх.

На заканчэнне арцыпастыр заклікаў зрабіць усё магчымае для абароны Божага дару жыцця:

«Беларусь, калі хочаш быць вялікай, барані жыццё, бо толькі тады станеш Валадарствам Хрыста».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа