Пошук

16.11.2021 11:09   Паводле: Grodnensis.by / Аляксей Ціхан / Grodnensis.by

13 лістапада выпускнік Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне Уладзіслаў Малышка прыняў сакрамэнт пасвячэння ў ступені дыяканату.

Пасвячэнне кандыдату ўдзяліў у катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На Імшы з гэтай нагоды сабраліся шматлікія вернікі і святары, а таксама студэнты семінарыі ў Гродне.

Прыбылі вернікі парафій святога Вацлава ў Ваўкавыску, адкуль паходзіць новы дыякан, і Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе, дзе ён цяпер служыць.

Кандыдат да пасвячэння быў прадстаўлены біскупу рэктарам Міждыяцэзіяльнай семінарыі ксяндзом Віталіем Вайцяхоўскім.

У гаміліі пастыр Касцёла на Гродзеншчыне нагадаў пра абавязкі, якія вынікаюць з прынятага пасвячэння. Іерарх адзначыў, што дыякан, умацаваны дарам Духа Святога, будзе дапамагаць прэзбітэрам у служэнні слова, алтара і любові, будучы слугой усіх, а як слуга алтара будзе абвяшчаць Евангелле, рыхтаваць Эўхарыстычную Ахвяру і ўдзяляць вернікам Цела і Кроў Пана.

Біскуп Кашкевіч заахвоціў кандыдата да пасвячэння, каб, выконваючы Божую волю, ён у духу любові з радасцю служыў Богу і людзям.

На заканчэнне Імшы дыякан падзякаваў усім, хто прычыніўся да яго фармацыі і ўдзельнічаў у падрыхтоўцы гэтай урачыстасці.

У заключным слове біскуп Гродзенскі яшчэ раз нагадаў дыякану, што той будзе служыць у Касцёле, які заўсёды быў пакліканы да служэння і любові.

«Служыць — гэта аддаць сябе братам і сёстрам у Хрысце з Яго чуласцю, адданасцю і Яго любоўю. Аддай Езусу свае рукі і сэрца і з вялікай адвагай і моцай абвяшчай Яго Евангелле іншым», — сказаў іерарх.

Пастыр дыяцэзіі заклікаў дыякана быць верным ва ўсіх справах, якія ён будзе выконваць, трываць у малітве, а падчас Літургіі гадзін давяраць Богу ўсе справы Касцёла і людзей, якім ён будзе ахвярна служыць.

Іерарх выказаў удзячнасць бацькам дыякана найперш за дар веры, які яны перадалі свайму сыну, за штодзённае сведчанне любові да Бога і вернасці Касцёлу.

Біскуп звярнуўся з просьбай да прысутных у святыні і тых, хто далучыўся да Імшы з дапамогай сродкаў масавай камунікацыі, агарнуць малітвамі ўсіх семінарыстаў, якія рыхтуюцца да святарства ў Міждыяцэзіяльнай семінарыі ў Гродне, і прасіць Пана, каб Ён пасылаў новых работнікаў на сваё жніво.

«Даверым новага дыякана і яго служэнне Маці Божай Міласэрнасці. Няхай ахінае яго заўсёды плашчом сваёй апекі», — падсумаваў біскуп Аляксандр Кашкевіч, пасля чаго ўдзяліў усім пастырскае благаслаўленне.

Абноўлена 16.11.2021 11:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.