Пошук

03.11.2021 16:58   Паводле: Grodnensis.by / Фота: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

2 лістапада, ва ўспамін Усіх памерлых вернікаў, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў Эўхарыстыю на могілках, якія знаходзяцца непадалёк ад аднаго з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі «Гродна Азот».

Як паведамляе Grodnensis.by, на гэтых могілках пахаваныя блізкія іерарха. На супольную малітву сабраліся вернікі, якія прыйшлі наведаць магілы пахаваных тут родных.

У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч засяродзіўся на праўдзе пра смерць, якая чакае кожнага чалавека, і неабходнасці быць заўсёды да яе гатовым, бо яна можа прыйсці нечакана.

Арцыпастыр заклікаў да малітвы ў інтэнцыі памерлых, якім неабходная духоўная дапамога жывых. «Час іх заслугаў перад Богам і людзьмі завяршыўся, і яны, бездапаможныя, у чыстцы чакаюць ачышчэння ад грахоў і даравання пакарання за правіны», — дадаў заслужаны іерарх.

Aрцыбіскуп падкрэсліў, што калі мы молімся за памерлых, то выпрошваем для іх у Бога міласэрнасць і адначасова заслугоўваем Яго міласэрнасць да нас у будучыні, бо і нам трэба будзе стаць перад Божым судом.

«Нездарма Езус кажа, што міласэрныя спазнаюць міласэрнасць», — сцвердзіў іерарх.

Ён таксама адзначыў, што ўрачыстасць Усіх Святых і ўспамін усіх памерлых добра прадстаўляюць праўду аб еднасці святых. Касцёл, які пілігрымуе, які ўтвараюць жывыя людзі, яднаецца ў малітве з Касцёлам, які церпіць і ачышчаецца — Касцёлам тых, хто ў чыстцы, і Касцёлам тых, якія трыумфуюць з Богам на нябёсах.

«Мы дапамагаем душам чыстцовым перайсці ў радасць вечнага шчасця і такім чынам павялічваем колькасць святых, якія хадайнічаюць за нас перад Богам, і з якіх мы павінны браць прыклад у нашай пілігрымцы да неба», — падкрэсліў арцыбіскуп.

Акрамя таго, ён заклікаў прысутных шанаваць годнасць кожнага чалавека і імкнуцца да згоды паміж людзьмі, чаго так патрабуе наша грамадства. Па яго словах, могілкі з’яўляюцца найлепшым прыкладам імкнення да міру, бо зямля тут аб’яднала ўсіх: веруючых і няверуючых, маладых і старых, вучоных і простых людзей, кіраўнікоў і падуладных — яна прыме ўсіх.

«Таксама і мы, — сказаў іерарх, — павінны памятаць, што маем адну Айчыну, і нам няма чаго дзяліць паміж сабой; наадварот, неабходна імкнуцца да такога патрэбнага адзінства, якое магчымае ў духу ўзаемнай любові, пашаны і прабачэння».

Пасля Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў набажэнства за памерлых і працэсію па могілках. Працэсія спынялася на пяці стацыях, каб даручаць Богу ўсіх тых, каго ўжо няма сярод нас.

Абноўлена 04.11.2021 11:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця