Пошук

04.11.2021 11:33   Паводле: Grodnensis.by / Фота: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Catholic.by

У нядзелю 31 кастрычніка арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы для вернікаў гродзенскай парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай.

Як паведамляе Grodnensis.by, Эўхарыстыя адбылася ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адамавічах (Сапоцкінскі дэканат), які з’яўляецца часовым месцам малітвы вернікаў новай парафіі. У склад парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай уваходзяць вуліцы гродзенскіх мікрараёнаў Ласосна і Баранавічы, а таксама вёскі Тарусічы.

Візіт іерарха быў сімвалічным, паколькі адбыўся напярэдадні другой гадавіны заснавання парафіяльнай супольнасці, якая рыхтуецца да ўрачыстасці благаслаўлення крыжа і пляцоўкі пад будаўніцтва касцёла, што мае адбыцца ў найбліжэйшы час.

На Імшы сабраліся шматлікія вернікі, каб разам маліцца за сваю парафіяльную сям’ю, перад якой стаіць важная задача — будаўніцтва ўласнай святыні. Удзельнікі Эўхарыстыі агарнулі малітвамі ўсіх, хто ўтварае гэтую парафіяльную сям’ю.

Прысутных у святыні прывітаў пробашч маладой парафіі ксёндз Юрый Марціновіч.

Святар звярнуўся да арцыбіскупа Кандрусевіча з просьбай аб малітве за «амбітную супольнасць», якая мае намер яшчэ ў гэтым годзе, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, 21 лістапада, правесці благаслаўленне крыжа і пляцоўкі, а таксама цэлебраваць з гэтай нагоды першую Імшу на месцы, дзе будзе пабудаваны касцёл.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч разважаў над нядзельнай літургіяй слова, падкрэсліўшы, што «любіць Бога азначае жыць паводле Яго закону», а «любіць бліжняга азначае ў кожным сустрэтым чалавеку бачыць свайго брата і сястру».

Заслужаны іерарх дадаў, што любоў да Бога і любоў да бліжняга — законы, якія дапаўняюць адзін аднаго.

«Нельга любіць Бога, якога не бачым, калі не любім бліжняга, якога бачым. Гэтыя два законы — як дзве рэйкі чыгункі. Яны павінны быць побач і ісці ў адным кірунку, бо толькі тады цягнік будзе ехаць па іх бяспечна», — сказаў арцыпастыр, падкрэсліўшы, што падобна і ў чалавечым жыцці: яно будзе гарманічным і шчаслівым, калі будуць выконвацца законы любові да Бога і бліжняга.

   

На заканчэнне Імшы наймалодшыя парафіяне павіншавалі арцыбіскупа з імянінамі, пажадаўшы яму патрэбных сіл у яго далейшым пастырскім служэнні.

Са свайго боку іерарх, дзякуючы за добрыя словы, запэўніў, што ў сваіх малітвах будзе памятаць пра новую парафію ў Гродне, просячы добрага Бога, каб усе планы і намеры былі рэалізаваныя на Яго хвалу, і каб як найхутчэй у гродзенскім мікрараёне Баранавічы, які дынамічна развіваецца, магла з’явіцца каталіцкая святыня.

Абноўлена 04.11.2021 11:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.