Пошук

03.11.2021 15:07   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

2 лістапада, ва ўспамін Усіх памерлых вернікаў, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі правёў набажэнства за памерлых з працэсіяй па Кальварыйскіх могілках у Мінску.

Пасля набажэнства па запрашэнні пробашча парафіі ксяндза Андрэя Сіповіча арцыпастыр узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа.

Гэтая святыня, пабудаваная на адным з найстарэйшых каталіцкіх некропаляў Мінска, які ўзгадвае ў сваіх «Вандроўках…» Уладзіслаў Сыракомля, і дзе пахаваныя многія гістарычныя асобы і дзеячы культуры, доўгі час была адзіным дзеючым касцёлам у сталіцы савецкай Беларусі.

У пасляваенны час атэістычныя савецкія ўлады зачынілі ў горадзе ўсе каталіцкія святыні, і толькі ў 1980 годзе па просьбе шматлікіх мінскіх католікаў, сярод якіх былі таксама ветэраны вайны і працы, у невялікім касцёле на Кальварыйскіх могілках аднавіліся набажэнствы.

Каб трапіць у касцёл, трэба прайсці праз высокую браму, пабудаваную амаль 200 гадоў таму.

Гэты незвычайны помнік сакральнай архітэктуры нясе людзям усіх часоў глыбокае духоўнае пасланне: ляпныя барэльефы, што ўпрыгожваюць браму, нагадваюць пра роўнасць усіх людзей — і простых працаўнікоў, і манаршых асоб — перад абліччам смерці і Божага суду, на якім кожны павінен будзе адказаць за ўсе свае ўчынкі.

Пра незайздросны лёс тых, хто чыніў зло і не пакаяўся ў сваіх грахах, нагадвае таксама старадаўні хрысціянскі гімн Dies irræ — «Дзень гневу», які часта гучыць у дні асаблівых малітваў за памерлых, якія цяпер перажывае Каталіцкі Касцёл.

Памерлыя, што прабываюць у стане, які каталіцкае веравучэнне называе чыстцам, ужо не могуць самі прасіць для сябе літасці. Таму малітвы за тых, хто адышоў з гэтага свету, маюць вялікае значэнне ў духоўным жыцці хрысціянаў, якія ў гэтыя дні разам са сваімі пастырамі збіраюцца на малітвы за спачылых на могілках і ў святынях.

Сёлета ў Мінску і Мінскім раёне наведванне могілак святарамі распачалося ў мінулыя выходныя і будзе працягвацца да канца актавы малітваў за памерлых.

Традыцыйна цэнтральнае набажэнства прайшло ў дзень успаміну Усіх памерлых вернікаў на мінскіх Кальварыйскіх могілках.

Разам з арцыбіскупам Станеўскім, які толькі дзесяць дзён таму афіцыйна ўступіў на пасаду Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, вернікі сталіцы прайшлі ў працэсіі з пяцю прыпынкамі-стацыямі, даручыўшы ў малітве Божай міласэрнасці душы памерлых духоўных і кансэкраваных асоб, продкаў, бацькоў, дабрадзеяў, выхаваўцаў, ахвяраў войн і рэпрэсій, а таксама ўсіх памерлых, пахаваных як на Кальварыі, так і на іншых могілках.

У Звароце да вернікаў з нагоды ўспаміну ўсіх памерлых арцыбіскуп Станеўскі нагадаў, што ў гэты дзень і ў бліжэйшыя дні прынята наведваць могілкі і маліцца за спачылых.

«Мы наведваем іх магілы і наводзім там парадак. Можа так здарыцца, што месцы пахавання блізкіх нам людзей знаходзяцца не там, дзе мы жывем, і мы не можам туды паехаць. Магчыма, мы ўвогуле не ведаем, дзе яны пахаваны.

Можна тады наведаць бліжэйшыя могілкі, каб там памаліцца і паклапаціцца пра закінутыя пахаванні», — прапанаваў арцыпастыр вернікам, дадаўшы, што годным успамінам пра памерлых з’яўляюцца запаленая на магіле свечка і прынесеныя кветкі, але перш за ўсё — малітва за супакой душаў тых, хто адышоў у вечнасць.

Іерарх заахвоціў усіх да малітвы і нагадаў пра магчымасць атрымаць поўны адпуст для душаў памерлых, што з дазволу Апостальскай Пэнітэнцыярыі, дадзенага ў сувязі са складанай эпідэмічнай сітуацыяй, існуе на працягу ўсяго месяца лістапада.

Ідучы з касцёла пасля святой Імшы, вернікі падыходзілі да помнікаў, запальвалі знічы і ўзносілі малітвы за сваіх памерлых родных і блізкіх.

Абноўлена 03.11.2021 16:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця