Увечары 1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых і ў вігілію Успаміну ўсіх памерлых вернікаў, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу на парафіяльных могілках у сваім родным мястэчку Адэльску, дзе пахаваныя яго бацькі, сястра і блізкія.
Як паведаміла прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у гэты вечар на могілках традыцыйна сабралася вялікая колькасць людзей, каб разам з заслужаным іерархам, сваім земляком, памаліцца ў інтэнцыі памерлых.
У гаміліі арцыбіскуп нагадаў, што ўрачыстасць Усіх Святых уводзіць нас ва ўспамін усіх памерлых вернікаў.
Іерарх адзначыў, што памерлыя не могуць самі дапамагчы сабе: іх час завяршыўся, яны аддадзены на нашую ласку і толькі мы, жывыя, можам дапамагчы ім перайсці з чыстца ў неба.
Арцыбіскуп Кандрусевіч дадаў, што Бог укладае ў нашы рукі ключ, якім мы можам адчыніць ім дзверы вечнага шчасця: дастаткова толькі ўставіць яго ў замок і павярнуць, для чаго неабходна выкарыстаць магчымасць атрымаць поўны адпуст і ахвяраваць яго ў інтэнцыі памерлага.