Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі
з нагоды Успаміну ўсіх памерлых вернікаў
Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
Традыцыйна з 1 па 8 лістапада вернікі разам са сваімі душпастырамі моляцца за ўсіх памерлых, наведваюць могілкі, цэлебруюць прынагодныя набажэнствы ў інтэнцыі тых, хто адышоў у вечнасць.
На інтэрнэт-старонцы Пінскай дыяцэіі pcd.by кожны ахвотны зможа знайсці падрабязную інфрамацыю пра тое, дзе, калі, а якой гадзіне святары будуць праводзіць супольную малітву ці набажэнствы за памерлых. Заахвочваю ўсіх скарыстацца гэтай магчымасцю, каб не толькі разам памаліцца на могілках ці ў касцёле за сваіх родных і блізкіх, але таксама ўзагадаць усіх тых, у каго, можа, не засталося нікога з радні ці блізкіх, хто б за іх маліўся.
Асаблівым выразам нашага клопату пра памерлых і нашай хрысціянскай культуры з’яўляецца стан могілак і пахаванняў. Таму заахвочваю добраўпарадкаваць усе месцы пахаванняў.
У духу любові да бліжніх пастараемся ўпарадкаваць могілкі не толькі тых, каго памятаем, але таксама тых, пра каго няма каму паклапаціцца. Мы як людзі веруючыя памятаем пра ўсіх памерлых і шануем кожнае месца пахавання чалавека.
Прашу таксама ў духу ўдзячнасці за дар душпастыраў, якія служылі ў нашых парафіях у мінулым, звярнуць асаблівую ўвагу на магілы святароў. Няхай задбаныя месцы іх пахвання і частае ўзгадванне ў малітвах будуць выразам нашай удзячнасці і трывалай малітоўнай памяці пра тых, хто ў Хрыстовым святарстве прысвяціў усё сваё жыццё ратаванню людскіх душаў у нашых парафіях.
На час асаблівага клопату пра памяць нашых памерлых ад усяго сэрца благаслаўляю,
✠ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 22 кастрычніка 2021 г.