Пошук

08.10.2021 13:26   Catholic.by

Пастырскі ліст
Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
на распачацце Сіноду Біскупаў на тэму сінадальнасці

Шаноўныя cвятары, браты і сёстры манаскіх супольнасцяў, дарагія браты і сёстры ў Хрысце,

сёння, 10 кастрычніка 2021 года ў Рыме Святы Айцец Францішак урачыстай цэлебрацыяй святой Імшы ў базіліцы святога Пятра ў Рыме адкрывае двухгадовы Сінадальны шлях Паўсюднага Касцёла, які завершыцца ў кастрычніку 2023 года Асамблеяй Сіноду Біскупаў.

У наступную нядзелю, 17 кастрычніка адкрыццё Сіноду адбудзецца ва ўсіх дыяцэзіях па ўсім свеце, а гэта значыць і ў нашай краіне, святой Імшой у катэдральных і конкатэдральных касцёлах кожнай з чатырох дыяцэзій.

Напэўна, шмат у каго можа ўзнікнуць пытанне, што такое Сінод і для чаго ён склікаецца. Інстытут Сіноду вядомы Касцёлу з першых стагоддзяў яго існавання. Адным з першых Сінодаў можна назваць Сінод (ці Сабор) у Ерузалеме, які адбыўся ў 49 годзе з удзелам Апосталаў. Ён быў скліканы для вырашэння спрэчкі паміж апосталам Паўлам і некаторымі хрысціянамі з юдэяў, каб адказаць на пытанне, ці павінны хрысціяне выконваць абрадавыя прадпісанні Закона Майсея.

Міжнародная тэалагічная камісія апісвае сінадальнасць наступным чынам: «„Сінод“ — старажытнае і шанаванае слова ў Касцёле, сэнс якога абапіраецца на самыя глыбокія пытанні Адкрыцця <…> Ён паказвае шлях, па якім разам ідзе Божы народ. Перш за ўсё, сінадальнасць абазначае асаблівы стыль, які вызначае жыццё і місію Касцёла, выяўляючы яго прыроду як Божага народа, які ідзе разам і збіраецца на сход, скліканы Панам Езусам у моцы Святога Духа, каб абвяшчаць Евангелле» (Вадэмэкум для Сіноду на тэму сінадальнасці, п. 1.2).

Гледзячы на гісторыю і развіццё Касцёла, можна заўважыць, што сінадальная дзейнасць з’яўляецца вельмі важнай яго часткай. Заўсёды для вырашэння найважнейшых пытанняў склікаліся сусветныя, або паўсюдныя Cаборы, сіноды біскупаў, дыяцэзіяльныя сіноды, а таксама рознага тыпу рады. Сіноды, якія адбываліся ў апошнія гады, разглядалі разнастайныя пытанні. Гэты ж Сінод будзе разглядаць пытанне самой сінадальнасці паўсюднага Касцёла.

17 кастрычніка 2015 года падчас святкавання 50-годдзя ўстанаўлення Сіноду Біскупаў Папа Францішак адзначыў, што «свет, у якім мы жывём, які мы пакліканы любіць і якому пакліканы служыць, нават са сваімі супярэчнасцямі, патрабуе ад Касцёла ўмацавання супрацоўніцтва ва ўсіх сферах яго місіі». Гэтымі словамі Святы Айцец заклікаў да супрацоўніцтва ўсяго Божага народа, каб кожны ахрышчаны змог зрабіць у Касцёл свой унёсак: «кожны ахрышчаны павінен адчуваць сябе саўдзельнікам у касцёльных і сацыяльных зменах, якія нам так неабходныя. Гэтыя змены заклікаюць да асабістага і супольнага навяртання, якое дае бачыць рэчы так, як Пан іх бачыць» (Пар. Commemorazione del 50° anniversario dell’istituzione del Sinodo dei Vescovi. Discorso del Santo Padre Francesco).

Цяперашні Сінод мае наступную тэму: «На карысць сінадальнага Касцёла: камунія, удзел і місія». Сінод жадае разглядзець тры важныя аргументы: камунія (еднасць), удзел і місія. Гэтыя аргументы спалучаныя між сабой і з’яўляюцца важнымі для сінадальнага Касцёла. Яны не падпарадкаваныя адзін аднаму, а ўзаемна ўзбагачаюцца.

Камунія (ці еднасць): Еднасць, у якой мы знаходзімся, як адна сям’я дзяцей Божых, знаходзіць свае глыбокія карані ў любові і адзінстве Найсвяцейшай Тройцы. Бог Айцец збірае нас з розных народаў, яднаючы адной верай. Хрыстус яднае нас з Айцом і злучае нас адно з адным у Святым Духу. Усе разам мы слухаем адно і тое ж Слова Божае, якое нас натхняе. Менавіта таму кожнаму з нас неабходна прымаць удзел у распазнаванні і рэалізацыі Божага закліку да свайго народа (Вадэмэкум для Сіноду на тэму сінадальнасці, п. 1.4).

Удзел: Цяперашні Сінод — гэта заклік да кожнага, хто належыць да Божага народа — свецкіх вернікаў, канcэкраваных асоб і святароў. Ніхто не можа быць выключаны. Мы павінны прыслухацца адзін да аднаго, каб разам пачуць тое, што прамаўляе да нас Дух Святы. «Удзел заснаваны на тым, што ўсе вернікі могуць і пакліканы служыць адно аднаму праз дары, якія кожны атрымаў ад Святога Духа. У сінадальным Касцёле ўся супольнасць у свабоднай і багатай разнастайнасці сваіх членаў пакліканая разам маліцца, слухаць, аналізаваць, весці дыялог, даваць парады па прыняцці пастырскіх рашэнняў настолькі, наколькі магчыма, шукаючы Божай волі (ICT, Сін., 67–68). Трэба прыкласці ўсе намаганні, каб забяспечыць удзел нават тых, хто адчувае сябе выключаным з жыцця Касцёла» (Вадэмэкум для Сіноду на тэму сінадальнасці, п. 1.4).

Місія: Галоўным заданнем, місіяй Касцёла з’яўляецца абвяшчэнне Божага Слова — евангелізацыя. У цэнтр увагі мы павінны ставіць Хрыста, а не саміх сябе, тым самым выконваючы словы нашага Настаўніка: «Таксама вы, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажыце: «Мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць» (Лк 17, 10). Сінадальны працэс, які мы распачынаем, акурат і мае глыбока місіянерскае вымярэнне. Ён дапамагае Касцёлу лепш сведчыць аб Евангеллі, асабліва тым, хто знаходзіцца на перыферыях нашага свету.

Езус як адзіны і добры Пастыр усяго статку збірае ўсіх нас у адну сям’ю. (пар. Ян 10, 11–16). Яго служэнне вельмі яскрава паказвае нам, што ніхто не выключаны з Божага плану збаўлення. І таму, склікаючы гэты Сінод, Папа Францішак заахвочвае ўсіх ахрышчаных прыняць у ім удзел. Другі Ватыканскі Сабор у Канстытуцыі Lumen Gentium (Святло Народам) падкрэслівае, што «усе людзі пакліканы да новага Божага народа» (LG 13). Таму ўдзельнікамі гэтага сінадальнага шляху з’яўляюцца ўсе ахрышчаныя. А асаблівы клопат павінен быць праяўлены да тых асоб, якія вельмі часта рызыкуюць быць выключанымі з жыцця Касцёла: жанчыны, інваліды, бежанцы, мігранты, пажылыя людзі, людзі, якія жывуць у беднасці, католікі, якія рэдка ці ніколі не практыкуюць сваёй веры (Вадэмэкум для Сіноду на тэму сінадальнасці, п. 2.1).

Нам трэба зразумець, што Сінод — гэта не нейкая адміністрацыйная працэдура, гэта не толькі дыскусіі і сустрэчы. Сінод — гэта духоўны шлях пад кіраўніцтвам Духа Святога. Менавіта таму кожная сінадальная сустрэча павінна пачынацца і заканчвацца малітвай да Духа Святога, бо мы збіраемся толькі і выключна дзякуючы Яму. «Мы стаім перад Табою, Дух Святы, калі мы збіраемся разам у імя Тваё. Толькі Ты кіруй намі…» (Малітва за Сінод: Adsumus Sancte Spiritus). Падчас Сіноду мы будзем слухаць адзін аднаго, будзем дзяліцца нашай верай, нашай традыцыяй, каб лепш распазнаць «знакі часу», аб якіх казаў святы папа Ян XXIII, а каб таксама духоўна распазнаць тое, што Бог кажа ўсім нам. Распазнанне — гэта Божы дар, але ён патрабуе чалавечага ўдзелу праз простыя шляхі: праз малітву, разважанне, увагу да чалавека, слуханне і ветлівую размову.

Метадам сінадальнага працэсу з’яўляецца слуханне, мэтай — распазнанне, а шляхам — удзел. Кожны ахрышчаны павінен прыняць удзел у гэтым Сінодзе і кожнаму з нас неабходна заахвоціць іншых да ўдзелу ў ім. Нават тых, якія прытрымліваюцца іншых поглядаў, чым мы. Слухаць тых, хто мае тыя ж погляды, што і мы, не прыносіць плёну. Дыялогам з’яўляецца размова, у якой слухаюцца розныя меркаванні. І на гэта звяртае нашую ўвагу сам Езус, кажучы: «Калі ж вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі? І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі? Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны» (Мц 5, 46–48). Нам неабходна прыкласці асаблівыя намаганні, каб выслухаць усіх, хто патрабуе быць выслуханым, і ў святле Божай праўды прыняць канчатковае рашэнне.

Практычна ўдзел вернікаў на першым этапе Сіноду будзе заключацца ў адказе на пытанні анкеты, спецыяльна падрыхтаванай Святым Пасадам, з наступнай апрацоўкай яе вынікаў дыяцэзіяльнай Сінадальнай Камісіяй. Таму просім аб адказным падыходзе да гэтай ініцыятывы Наступніка святога Пятра, а таксама аб малітве ў інтэнцыі Сіноду.

На час плённага перажывання і ўдзел у Сінодзе ад усяго сэрца благаслаўляем!

✠ Алег Буткевіч
біскуп Віцебскі

Старшыня ККББ

✠ Аляксандр Яшэўскі SDB
Дапаможны біскуп
Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

Старшыня Сінадальнай камісіі пры ККББ

P.S. Святарам неабходна прачытаць гэты Пастырскі ліст замест казання ў нядзелю 10 кастрычніка 2021 г.

Абноўлена 08.10.2021 13:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця