Пошук

01.10.2021 14:54   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: кс. Дзмітрый Дубовік / Catholic.by

Пра тое, як ідзе ліквідацыя наступстваў майскага пажару ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, Catholic.by даведаўся непасрэдна на месцы, дзе без выходных няспынна працягваецца праца па аднаўленні святыні.

Раніца 1 кастрычніка для пробашча парафіі ў Будславе ксяндза Дзмітрыя Дубовіка пачалася з заводу адноўленага гадзінніка на вежы касцёла. Сёння святара пры гэтым адказным занятку суправаджае прадстаўнік партала.

Рабіць гэта пробашчу даводзіцца раз на суткі: падымацца на самы верх вежы, да механізма, і з дапамогай спецыяльнага прыстасавання падымаць дзве «гіры» — сярэдніх памераў валуны, якія, апускаючыся ўніз, прыводзяць у рух механізм старадаўніх курантаў.

«Ён настроены такім чынам, каб ад заводу да заводу гадзіннік паспяваў „дагнаць“ розніцу ў некалькі хвілін, якія патрэбныя на саму гэтую працэдуру, калі куранты спыняюцца на некалькі хвілін», — тлумачыць ксёндз Дзмітрый. І мы ўвачавідкі пераканаліся, што рабіць гэта, тым больш кожны дзень, зусім не так проста, як можа здавацца: тут патрэбныя і веды, і фізічная сіла, і вялікая руплівасць.

«Накруціўшы» гадзіннік і паслухаўшы на вежы, як ён б’е дзевяць, спускаемся ў касцёл. Тут напярэдадні чысцілі гзымсы, таму паўсюль на падлозе пыл і бруд, што за гады на іх накапіўся. Усталяваны ў прэзбітэрыі базылікі датчык паказвае 8 градусаў вышэй за нуль і 88 працэнтаў вільготнасці. Гэтыя васьмёркі на пэўны момант выклікаюць уяўленне аб бясконцасці пры думцы пра тое, калі ж завершыцца аднаўленне санктуарыя пасля пажару…

Аднак хоць аб’ёмы працы сапраўды вялізныя, і на іх выкананне патрэбныя астранамічныя грошы, за час, які мінуў пасля надзвычайнага здарэння, удалося зрабіць даволі шмат.

«Мы зрабілі неабходную праектную дакументацыю, у адпаведнасці з ёй усталявалі кроквавую сістэму і накрылі базыліку часовым дахам, — распавядае пробашч будслаўскай парафіі. — Новыя кроквы — гэта металічныя фермы, якія не толькі нясуць дах, але і з’яўляюцца своеасаблівымі сцяжкамі для скляпенняў у верхняй частцы будынку. Папярэднія кроквы з дрэва такой дадатковай функцыі не выконвалі: яны проста абапіраліся на сцены. Акрамя таго, яны стаялі часцей, а металічныя фермы даюць магчмасць зменшыць колькасць матэрыялу, што заўважна аблегчыла агульную вагу канструкцыі.

Да зімы на мы накрылі касцёл часовым дахам з ацынкаванага прафіляванага насцілу. Зрабіць капітальны новы дах з медзі не атрымалася з дзвюх прычын: не хапала часу і сродкаў. Для меднага даху, які, дарэчы, вельмі дорага каштуе, спатрэбіцца таксама драўлянае акратаванне, і ўжо на яго будзе насцілацца чарнавы дах і медзь. Пакуль нашай задачай было накрыць скляпенне, якое і так моцна пацярпела ад вады падчас тушэння пажару і моцных дажджоў, якія часта ішлі сёлета. З гэтай задачай мы, дзякуй Богу, справіліся. Таму цяпер ужо адпала неабходнасць у зробленых намі напачатку спецыяльных прыстасаваннх, якія па рукавах адводзілі ваду са скляпенняў, і яны былі разабраныя, пасля чаго мы пачысцілі гзымсы.

За ўсё, што было зроблена (а гэта сапраўды шмат), я шчыра дзякую ўсім ахвярадаўцам, якія збіралі на гэта сродкі, валанцёрам, якія дапамагалі разбіраць завалы, прыбіралі смецце і рабілі шмат іншай карыснай і патрэбнай працы, а таксама будаўнікам, які працуюць на касцёле без выходных, вахтавым метадам.

Спадзяюся, што да ўрачыстасці Усіх Святых мы распачнем маліцца ў касцёле.

Ужо нават унеслі ўсярэдзіну частку лавак. Пад купалам базылікі застаецца свабоднае месца, таму што гэта адзіная зона, якая пакуль выклікае занепакоенасць. Але непасрэдна пад купалам зроблена адмысловая канструкцыя з метала і дрэва, якая яго надзейна страхуе», — тлумачыць ксёндз Дзмітрый, водзячы прадстаўніка парталу па святыні.

Усярэдзіне на скляпеннях там-сям відаць чорныя пісягі ад сажы, што трапляла ўсярэдзіну з вадой, шэрыя плямы нявысахлага тынку і зялёную плесню, што больш за ўсё пайшла па кутах, дзе амаль няма вентыляцыі.

Але ў нядаўна адрэстаўраваный частцы базылікі ўсё выглядае некранутым, прычым настолькі, што нават цяжка сабе ўявіць, што тут быў моцны пажар.

Дзесьці апоўдні ў Будслаў прыехаў старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын. Поўная павагі пастава дзяржаўнага мужа — яскравае сведчанне таго, што нядаўняя правакацыйная выхадка маргіналаў ад журналістыкі сапраўды не мае нічога супольнага з канструктыўнай пазіцыяй уладаў у адносінах да Каталіцкага Касцёла.

Высокі чыноўнік трымае на асабістым кантролі ход прац па аднаўленні Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе і рэгулярна здзяйсняе працоўныя выезды на месца, каб усё бачыць сваімі вычыма і прымаць аператыўныя рашэнні.

Ён уважліва выслухаў дэтальную справаздачу пробашча па ўнікальным не толькі для сталічнага рэгіёна, але для ўсёй краіны аб’екце, што з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю нацыянальнага значэння.

Абмеркаваўшы бягучую сітуацыю, кіраўнік вобласці паабяцаў падумаць над тым, што яшчэ можна зрабіць з боку дзяржавы для таго, каб у Будслаў як найхутчэй вярнуліся пілігрымы і турысты.

Аляксандр Турчын выказаў задавальненне ад таго, што базыліка, нарэшце, накрыта, а значыць тут ужо можна будзе зноў маліцца і не баяцца зімы з яе завеямі і снегападамі.

…У гэты пагодны кастрычніцкі дзень Нацыянальны санктуарый ахоплены «пажарам» жоўта-рудога восеньскага лісця, а новы дах амаль зліваецца з нябесным блакітам, па якім плывуць не падобныя на клубы дыму чорныя злавесныя хмары, а прыветныя белыя аблокі. І сярод гэтага хараства з’яўляецца надзея на тое, што дзякуючы намаганням неабыякавых людзей, якія разам робяць вялікую справу, гэтае выбранае Маці Божай месца нашай Бацькаўшчыны, дзе нашыя таленавітыя продкі ўзвялі такі цуд дойлідскага майстэрства, будзе адноўлена ўдзячнымі нашчадкамі і захавана наступным пакаленням як гонар і вялікая святыня роднай зямлі.

Абноўлена 15.10.2021 12:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа