Пошук

27.09.2021 18:06   Паводле: Grodnensis.by

25 верасня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне з удзелам Апостальскага нунцыя ў Беларусі Антэ Ёзіча распачаўся 32-і навучальны год.

Як паведамляе Grodnensis.by, у цырымоніі ўзялі ўдзел прызначаны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, выкладчыкі і выхаваўцы, духавенства, сёстры законныя, свецкія супрацоўнікі семінарыі, бацькі і блізкія семінарыстаў.

Усіх удзельнікаў прывітаў арцыбіскуп Станеўскі, які з’яўляецца выпускніком гродзенскай alma mater і шмат гадоў быў яе рэктарам.

Іерарх падкрэсліў, што чарговы навучальны год становіцца для семінарыстаў нагодай, каб на шляху да святарства «дакрануцца да гісторыі ўсіх тых, каго Пан Бог паклікаў да свайго служэння ў Касцёле».

Прызначаны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі пажадаў семінарыстам, якіх у гэтым навучальным годзе 35, каб падчас фармацыі яны «сустракалі Езуса Хрыста і імкнуліся ўсталяваць з Ім трывалыя і сяброўскія адносіны».

Прэфект семінарыі ксёндз Ян Раманоўскі прадставіў прысутным справаздачу за мінулы навучальны год, у якой заўважыў, што гэты час не быў такім багатым на падзеі з-за пандэміі каранавірусу, але пры гэтым семінарыя працягвала паўнавартасную падрыхтоўку кандыдатаў да святарства.

Прэфект адзначыў, што семінарысты, наколькі было магчыма, удзельнічалі ў жыцці Касцёла і мелі нагоду набываць душпастырскі досвед, які спатрэбіцца ім у далейшай фармацыі і ў будучым святарскім жыцці.

З дакладам на ўрачыстае распачацце навучальнага года выступіў выкладчык пастаральнай тэалогіі і сродкаў сацыяльнай камунікацыі ксёндз доктар Юрый Жэгарын. Даклад быў прысвечаны тэме «Новыя сродкі камунікацыі: небяспека ці магчымасці для новай евангелізацыі?». Святар падкрэсліў, што сёння гэтае пытанне з’яўляецца як ніколі актуальным і нават балючым для душпастыраў і ўсіх, хто працуе ў галіне новай евангелізацыі. Па словах ксяндза Жэгарына, евангелізацыйная дзейнасць Касцёла ў сацыяльных сетках і праз іх патрабуе тэалагічна-душпастырскіх перадумоў.

Потым да прысутных звярнуўся рэктар семінарыі ксёндз Віталій Вайцяхоўскі, які адзначыў, што ўрачыстае распачацце навучальнага года — падзея заўсёды радасная і напоўненая надзеяй на будучыню.

Звяртаючыся да семінарыстаў, рэктар падкрэсліў, што іх задача — «паказаць кірунак і сапраўдныя каштоўнасці».

«Вы — тыя, хто павінен будзе распавесці сучаснікам на зразумелай мове, як Бог нас любіць. Мы спадзяемся на вас, Касцёл спадзяецца на вас», — сказаў ксёндз Вайцяхоўскі, дадаўшы, што гэта нялёгкая задача і яе нельга выканаць толькі на словах. Рэктар заахвоціў усіх прысутных і людзей добрай волі «далучыцца да будавання семінарыйнай сям’і любым з магчымых спосабаў».

Цырымонія адкрыцця навучальнага года завяршылася ўручэннем заліковак студэнтам першага курса, якіх сёлета сямёра.

Кульмінацыяй урачыстага распачацця навучальнага года ў Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі стала святая Імша ў касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабэрнардынскі), цэлебрацыю якой узначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Вітаючы высокага госця, які ўпершыню наведаў горад на Нёмане, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што візіт прадстаўніка Папы Францішка набліжае асобу Святога Айца і дапамагае адчуць прыналежнасць да вялікай сям’і Касцёла. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне запэўніў нунцыя, што мясцовы Касцёл у сваіх малітвах падтрымлівае штодзённае служэнне Пантыфіка і выражае яму сыноўскую адданасць.

Падчас Эўхарыстыі шасцёра семінарыстaў трэцяга курса атрымалі духоўны строй — сутану.

У прамоўленай гаміліі Апостальскі нунцый звярнуў увагу, што асоба святога Юзафа — найпрыгажэйшы ўзор, якім фарматары семінарыстаў павінны натхняцца, клапоцячыся пра іх пакліканне. Іерарх нагадаў словы Папы Францішка, які казаў, што кожная семінарыя павінна быць падобнай да «сям’і з Назарэта, у якой Езуса прымалі, клапаціліся і фармавалі для місіі, ускладзенай на Яго Айцом».

Прадстаўнік Папы адзначыў, што святару важна быць дысцыплінаваным, добра арыентавацца ў тэалогіі, філасофіі і духоўнасці, але перадусім ён павінен добра разумець чалавечую прыроду.

Па словах арцыбіскупа, святар «не павінен быць жорсткім, але памяркоўным, пазбягаючы клерыкалізму, які з’яўляецца дэфармацыяй святарства».

Нунцый заклікаў семінарыстаў быць адкрытымі для фармацыі, змагацца з усімі формамі ўнутранай няпраўды, быць здольнымі да сапраўднага сяброўства, клапаціцца пра духоўнае жыццё. Ён пажадаў, каб малітва стала для іх нагодай да асабістай сустрэчы з Богам.

«Паводле Папы, святар заўсёды з народам Божым: „Сапраўдны пастыр не адрываецца ад народа Божага: ён заўсёды побач, альбо спераду (каб паказаць дарогу), альбо пасярод людзей, каб зразумець іх лепш, ці ззаду, каб дапамагчы тым, хто крыху адстае, а таксама дазволіць свайму статку адшукаць новыя пашы“, — нагадаў словы Пантыфіка іерарх.

Падчас Імшы нунцый благаславіў сутаны семінарыстаў. Ускладанне духоўнага строю з’яўляецца чарговым крокам у семінарыйнай фармацыі і знакам прыналежнасці да Касцёла.

На заканчэнне Эўхарыстыі рэктар семінарыі ксёндз Віталій Вайцяхоўскі выказаў удзячнасць усім прысутным за супольную малітву.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця