19 верасня ў парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні адбылося свята з нагоды 30-годдзя дзейнасці ў Беларусі Дачок Марыі Успамогі, або сясцёр салезіянак.
Як паведамляе сайт салезіянаў святога ксяндза Боско ў Беларусі sdb.by, напярэдадні свята ў доме сясцёр адбыўся малітоўны вечар. Усе прысутныя мелі магчымасць узнесці праз заступніцтва Марыі малітву падзякі за ўсе радасныя і нялёгкія моманты трыццацігадовай гісторыі.
Святкаванне распачалося ўрачыстай святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. На святой Імшы прысутнічалі ксяндзы салезіяне на чале з рэгіянальным настаяцелем ксяндзом Віктарам Гайдукевічам SDB, прадстаўнікі ўсіх галін салезіянскай сям’і, якія прыехалі з розных куткоў Беларусі, сёстры з іншых манаскіх кангрэгацый, а таксама вернікі тых парафій, у якіх калісьці працавалі і ў якіх цяпер працягваюць сваю дзейнасць сёстры салезіянкі.
Гамілію біскуп Яшэўскі распачаў словамі псальма: «Буду славіць Цябе, Пане, усім сэрцам маім, абвяшчаць пра ўсе Твае цуды» (Пс 9, 2).
Менавіта гэтыя словы выбралі сёстры як дэвіз круглай гадавіны сваёй дзейнасці ў Беларусі.
Каментуючы псальм, біскуп нагадаў пра тое, што важна памятаць свае карані: «Гледзячы сёння на вашыя вытокі, на вытокі вашай дзейнасці, вы можаце ўсвядоміць і ўбачыць, як гэтая асаблівая харызма служэння чалавеку, асабліва маладому і пакінутаму, перажывалася на працягу 30-гадовай гісторыі, якія спарадзіла сілы і творчасць, з якімі канкрэтнымі цяжкасцямі ёй давялося сутыкнуцца і якія пераадолець.
Вы добра ведаеце, колькі мужнасці было патрэбна, каб сёстры салезіянкі змаглі распачаць сваю евангелізацыйную місію па-новаму і ў новай, невядомай рэчаіснасці», — дадаў іерарх.
Біскуп, які сам належыць да салезіянскай супольнасці, нагадаў прысутным гісторыю прыбыцця і служэння Дачок Марыі Успамогі на тэрыторыі Беларусі. Ён падкрэсліў важнасць дзейнасці сясцёр салезіянак на тэрыторыі Беларусі, распавёў пра плён іх працы за мінулыя гады, а таксама пажадаў далейшага развіцця і пашырэння Інстытута сясцёр на нашых землях.
«Працягвайце далей несці сваё служэнне ўсім людзям, асабліва дзецям і моладзі, заўважаючы іх духоўнае спусташэнне, каб дапамагчы ім, умацаваць іх у любові да Бога і прывесці да Яго.
Няхай 30-годдзе вашай дзейнасці на гэтых землях дасць вам, дарагія сёстры, новыя сілы і новую моц», — завяршыў пажаданнем сваю гамілію біскуп Яшэўскі.
Пасля ўрачыстага благаслаўлення запрошаныя госці выказалі віншаванні і падзяку сёстрам за іх адданую працу і прысутнаць у Беларусі.
Рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB ад імя ўсіх сабратоў падзякаваў сёстрам за супольную працу ў справе выхавання моладзі на беларускай зямлі і ад салезіянаў Беларусі падараваў фігуру Найсвяцейшай Панны Марыі Беззаганнай, узгадаўшы, што з самага пачатку станаўлення Кангрэгацыі сясцёр яны даверылі сябе Марыі.
Свае віншаванні святар завяршыў такімі словамі:
«Няхай Маці Божая Успамога Хрысціянаў апякуецца кожнай з вас і вашай Кангрэгацыяй у нашай Айчыне, а святая Марыя Дамініка выпрошвае патрэбныя ласкі на далейшае жыццё і дзейнасць на карысць збаўлення маладога чалавека».
Працягнулася святкаванне ў салезіянскім араторыі імя святога Яна Боско, які дзейнічае пры парафіі. Усіх запрошаных чакаў канцэрт, падрыхтаваны моладдзю, дзецьмі, суполкай ADMA, салезіянамі супрацоўнікамі, парафіяльным хорам, моладдзю з Бабруйска і ўсімі, хто пажадаў стаць часткай свята. Таксама ўвазе гасцей было прапанавана відэа з гісторыямі і ўспамінамі выхаванцаў сясцёр салезіянак.
Па салезіянскай традыцыі скончыўся канцэрт «слоўкам», падрыхтаваным моладдзю, пасля якога сястра Тэрэса Сальнічэк FMA падзякавала ўсім, хто змог далучыцца да святкавання, а біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB удзяліў прысутным благаслаўленне.