Пошук

17.09.2021 09:48   Catholic.by

Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча
на пачатак навучальнага і катэхетычнага года 2021–2022

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!

Хутка скончыліся дні канікул дзяцей і моладзі. Распачаўся чарговы навучальны і катэхетычны год. Ва ўсіх школах нашай краіны прагучаў першы званок, які быў знакам пачатку чарговага перыяду ўзрастання вялікай колькасці дзяцей і моладзі ў мудрасці і ласках у Бога і людзей. Такім чынам, перад імі адкрыўся новы час, калі яны змогуць не толькі здабываць веды пра свет, пра сябе і Пана Бога, але і перажываць радасць пазнавання Евангелля і абвяшчэння яго іншым людзям.

Гэты навучальны і катэхетычны год упісваецца ў час, калі наша Гродзенская дыяцэзія дзякуе Богу за 30-годдзе свайго існавання і за розныя ласкі, атрыманыя ў гэты перыяд. Роўна тыдзень таму мы былі сведкамі беатыфікацыі вялікага чалавека — кардынала Стэфана Вышынскага, Прымаса тысячагоддзя, які шмат месца ў сваім вучэнні прысвячаў моладзі. Новы благаслаўлёны з вялікім разуменнем падыходзіў да маладых людзей, ведаў іх патрэбы і сум. Ён быў перакананы, што моладзь у глыбіні сэрца жадае дабра, здольная да высілку і прысвячэння. Ён змог з любоўю, але і з моцай ставіць патрабаванні да моладзі, бо быў упэўнены, што спаўненне складаных задач аберагае маладога чалавека ад лёгкага жыцця. Прымасу было вельмі важна, каб моладзь жыла ў праўдзе і святасці, а таксама каб давярала Богу і верыла ў Яго. Кожны раз, калі ён звяртаўся да адказных за выхаванне дзяцей і моладзі, то падкрэсліваў, што найперш трэба іх палюбіць, а толькі потым вучыць і выхоўваць.

Усім нам важнае дабро людзей, якіх мы любім, асабліва нашых дзяцей, падлеткаў і маладых людзей. Бо мы ведаем, што ад іх залежыць будучыня нашага Касцёла і краіны. Таму мы не можам не клапаціцца пра выхаванне новых пакаленняў, пра тое, каб яны здолелі знайсці сябе ў жыцці і адрозніваць дабро ад зла, пра іх здароўе, не толькі фізічнае, але і маральнае. Выхаванне, аднак, ніколі не было лёгкай справай, а сёння, як здаецца, становіцца яшчэ цяжэйшым. Пра гэта добра ведаюць бацькі, настаўнікі, святары, сёстры законныя і катэхеты, а таксама ўсе тыя, на кім непасрэдна ляжыць выхаваўчая адказнасць.

Відавочна, што чалавеку не дастаткова толькі заспакойваць матэрыяльныя, фінансавыя патрэбы, набываць высокія фізічныя і інтэлектуальныя здольнасці, авалодваць ігрой на розных музычных інструментах, рознымі мовамі і г.д. Каб дасягнуць паўнаты шчасця і чалавечай сталасці, неабходна развіваць у сабе найвышэйшыя каштоўнасці, а значыць весці глыбокае духоўнае жыццё. Бо чалавек створаны на вобраз і падабенства самога Бога. Гэты Божы вобраз і падабенства яму ніколі нельга згубіць. Таму асаблівае значэнне мае катэхізацыя дзяцей і моладзі. Катэхізацыя ж заключаецца не толькі ў набыцці рэлігійных ведаў. Яе мэта — як часта падкрэсліваў святы Ян Павел ІІ — «весці кагосьці не толькі да сустрэчы з Езусам Хрыстом, але і да з’яднання, а нават да глыбокай з Ім блізкасці. Бо толькі Ён сам можа весці да любові Айца ў Духу Святым і да ўдзелу ў жыцці Святой Тройцы» (CT, 5).

З нагоды распачацця навучальнага і катэхетычнага года хачу нагадаць вам, дарагія бацькі, пра ваш абавязак забяспечыць дзецям і моладзі ўдзел у сістэматычнай катэхізацыі. Надзвычай важна, каб дзіця ці малады чалавек разам з пазнаваннем новых абшараў ведаў па розных школьных прадметах маглі адначасова паглыбляць веданне вызнаваных праўдаў веры і развіваць сваё рэлігійнае жыццё. Такое ўсебаковае выхаванне неабходнае, каб тыя, хто ўжо хутка ўвойдуць у дарослае жыццё, былі хрысціянамі, сталымі духоўна, якія ўсведамляюць сваю веру, кіруюцца праўдзівымі каштоўнасцямі.

Нагадваю вам таксама, дарагія бацькі, што ўсё добрае пачынаецца дома, дзе ваша любоў утварае фундамент найважнейшай супольнасці, якой з’яўляецца сям’я. Гэта першы і найважнейшы асяродак выхавання да служэння Богу і людзям. Паводзіны бацькоў з’яўляюцца для дзяцей першым і найбольш значным узорам у кожнай сферы жыцця. У Пасланні да сем’яў святы Ян Павел ІІ пісаў: «Звычайна кожны з нас у сям’і прыходзіць у свет, таму можна сказаць, што сям’і ўдзячны сам факт быцця чалавекам». Дзякуючы бацькам дзіця атрымлівае жыццё, з імі найбольш звязана, ім найбольш верыць.

Дарагія бацькі! Старайцеся перадаваць дзецям каштоўнасці, блізкія вашаму сэрцу, правераныя і пацверджаныя жыццём. Запэўніваю вас, што праз некалькі гадоў вы сустрэнецеся з вялікай удзячнасцю за тое, што, любячы, ставілі патрабаванні. Гэта нашмат больш каштоўнае, чым хвілінная папулярнасць. Будзьце першымі і сапраўднымі выхаваўцамі вашых дзяцей у веры, а ваша пазіцыя вернага хрысціяніна і родны дом, напоўнены верай і любоўю, няхай будуць найцудоўнейшай катэхезай для вашых дзяцей. Благаслаўлёны кардынал Стэфан Вышынскі ў сваім вучэнні падкрэсліваў: «Сёння нам патрэбная вера, якая пераносіць горы, любоў, якая ўсіх яднае, і надзея, якая ніколі не знікае. Можна страціць усё, толькі не гэта!»

Шаноўныя святары, сёстры законныя і свецкія катэхеты! На парозе новага навучальнага і катэхетычнага года жадаю, каб Божае благаслаўленне спадарожнічала вам у справе выхавання мыслення і сэрцаў маладога пакалення. Няхай вашы словы і асабістае сведчанне жыцця прынясуць у недалёкай будучыні самыя цудоўныя плёны.

Дарагія дзеці, улюбёная моладзь! Вы скарб для вашых мілых бацькоў, для нашага Касцёла і ўсёй краіны. Звяртаюся да вас з гарачай просьбай, каб вы яшчэ больш рупліва ў гэтым годзе ўдзельнічалі ў катэхізацыі. Вы мусіце шукаць і пазнаваць Бога ў вялікай працы. Таму ідзіце туды, дзе можна Яго знайсці. Гэта можа быць халодны касцёльчык або цёмная каплічка, ці цесны пакойчык у парафіяльным доме. Няхай гэта не пазбавіць вас ахвоты. Памятайце, што добры Бог любіць вас і хоча з вамі ісці ў школу, а таксама на ўрокі рэлігіі і праз усё ваша жыццё.

Усіх душпастыраў, бацькоў, катэхетаў, настаўнікаў і выхаваўцаў, дзяцей і моладзь на плённае перажыванне навучальнага і катэхетычнага года, які распачынаецца, а таксама ўсіх вас, дарагія вернікі дыяцэзіі, на нястомнае асабістае ўзрастанне ў веры і любові ад усяго сэрца благаслаўляю.

✠ Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

Гродна, 14.09.2021 г.

Гэты Пастырскі ліст належыць прачытаць вернікам Гродзенскай дыяцэзіі ў нядзелю 19 верасня замест гаміліі падчас кожнай святой Імшы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.