Зварот
прызначанага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
да духавенства, кансэкраваных асоб і ўсіх вернікаў
Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Ваша Эксцэленцыя біскуп Казімір, Вашы Эксцэленцыі біскуп Юрый і біскуп Аляксандр, ганаровы арцыбіскуп Тадэвуш, браты ў святарстве, законныя айцы і браты, сёстры законныя і семінарысты, вернікі і людзі добрай волі Мінска- Магілёўскай архідыяцэзіі!
У свята Узвышэння Святога Крыжа, 14 верасня, Папа Францішак прызначыў мяне новым арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Хрыстус Пан праз гэтае рашэнне Святога Айца наблізіўся да берага майго жыццёвага возера са знаёмым ужо мне заклікам: «Ідзі за Мной» (пар. Мц 4, 19).
Пан Бог кліча мяне да новага служэння ў сталіцы нашай дзяржавы ў самым цэнтры Еўропы, у Касцёле з багатай і слаўнай гісторыяй, якую пісалі яго духавенства і вернікі, дастойныя папярэднікі на катэдры Мінска і Магілёва, у тым ліку Сведка веры нашага часу святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк. Усё гэта вельмі абавязвае і ўскладае вялікую адказнасць, што, трэба прызнацца, на нейкі час нават спалохала мяне.
Але разам з тым я адчуваю ў гэтым прызначэнні асаблівы клопат Святога Айца Папы Францішка пра сям’ю Каталіцкага Касцёла Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Год сям’і, які мы цяпер перажываем, а таксама яго давер да маёй сціплай асобы ў Год святога Юзафа. Смеласці мне дадаюць словы Святога Пісання: «Юзэфе <…>, не бойся прыняць…» (пар. Мц 1, 20). І сёння, у дваццаць 21-м годзе ХХІ стагоддзя разам з прарокам Ісаяй я паўтараю: «Вось я, пашлі мяне» (пар. Іс 6, 8).
Дарагія браты і сёстры, звяртаюся да Вас з заклікам і просьбай прыняць мяне, бо я — «Юзаф, брат ваш» (пар. Быц 45, 4).
Чакаючы нашай сустрэчы для таго, каб далей ісці разам евангельскай дарогай жыцця, прашу вас аб малітве за Папу Францішка, біскупаў і духавенства, вернікаў архідыяцэзіі, за нашу краіну і наш народ, каб мы сапраўды маглі выканаць жаданне нашага Збаўцы Езуса Хрыста, аб чым Ён так горача прасіў Нябеснага Айца падчас апошняй вячэры: «Каб усе былі адно» (Ян 17, 21).
З благаслаўленнем,
✠ Юзаф Станеўскі, ваш брат
Гэты зварот можна прачытаць на Імшах з удзелам народа ў нядзелю 19 верасня ў парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.