Пошук

08.09.2021 17:18   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

Перад 100-гадовым юбілеем «Легіёна Марыі», які гэты малітоўны рух адзначыў 7 верасня, 3–5 верасня ў Доме Святой Тройцы ў Баранавічах на рэкалекцыйную сустрэчу сабраліся легіянеры з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Віцебскай дыяцэзіі.

У рэкалекцыях узялі ўдзел больш за 80 удзельнікаў руху з гэтага рэгіёна.

Да іх далучыліся паплечнікі з Гродна, Смаргоні, Ашмянаў, Мазыра і Баранавічаў, якія збіраліся на сваю рэгіянальную сустрэчу ў сярэдзіне жніўня, распачаўшы тады святкаванне 100-гадовага юбілею «Легіёна Марыі».

Рэкалекцыі для легіянераў праводзіў айцец Юрый Кулай, кармэліт босы з мінскай парафіі Божага Цела. Тэмай духоўных практыкаванняў стала жыццё Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа.

У першы дзень рэкалекцый святар звярнуў увагу на духоўную ролю святога Юзафа ў Святой Сям’і, а на наступны дзень удзельнікі разважалі над цнотамі Маці Божай і Яе роляй у гісторыі збаўлення, што з’яўляюцца для ўсіх хрысціянаў прыкладам жыцця ў еднасці з Богам і бліжнімі. Заключны дзень духоўных практыкаванняў быў прысвечаны Езусу Хрысту і Яго бязмежнай любові да ўсіх людзей, а настаўленні рэкалекцыяніста датычыліся таго, як будаваць хрысціянскае жыццё ў сяброўстве са Збаўцам.

«Нам як хрысціянам важна вучыцца разумець Езуса і Марыю без словаў; адчуваць апеку Святой Сям’і ў нашых сем’ях. Каб мы маглі быць адкрытымі патрэбам іншых людзей, варта даверыцца Богу, быць Яму паслухмянымі праз Марыю», — падкрэсліў айцец Юрый.

Важным момантам сустрэчы стала прысутнасць на ёй у суботу Апостальскага адміністратара sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Казіміра Велікасельца. Звяртаючыся да легіянераў, іерарх пажадаў ім заўсёды быць трывалымі ў малітве, каб кожны з іх годна і з гонарам нёс званне рыцары Марыі і быў адкрытым для дзеяння Духа Святога.

«Будзьце ў руках Маці Божай, каб Яна праз вас выконвала волю свайго Сына. Няхай Пан Бог праз Яе заступніцтва благаславіць вас, каб вы былі сведкамі таго, што найважнейшае для чалавека ў такім кароткім зямным жыцці. А гэта вера ў Бога і жыццё паволе Яго волі», — падкрэсліў іерарх.

Сёння ў беларускай супольнасці руху «Легіён Марыі» налічваеца 357 актыўных і 653 дапаможных легіянераў.

Яшчэ шэсць кандыдатаў праходзяць выпрабавальны тэрмін, неабходны для таго, каб прысвяціць сябе Маці Божай у гэтым адмысловым служэнні.

Каб лепш яго прадставіць, сваімі сведчаннямі з чытачамі Catholic.by дзеляцца актыўныя легіянеры.

Тэрэза Варалка з’яўляецца старшынёй структурнага падраздзялення «Легіёна Марыі» пры парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску.

У руху жанчына ўжо 15-ы год, аднак, як яна сама распавядае, жаданне далучыцца да яго з’явілася ў яе не адразу. Прайшоў пэўны час, на працягу якога легіянеры некалькі разоў прыязджалі ў парафію са сваімі сведчанямі, і з духоўнай падтрымкай пробашча Тэрэза распачала сваю дзейнасць.

«Спачатку я яшчэ не ведала, што такое „Легіён“, з чаго пачынаць, як праводзіць сходы, як афармляць алтарык. Я звярталася да Марыі з просьбай дапамагчы мне ў служэнні, а потым ужо не магла адысці: для мяне гэта было б здрадай. Як бы цяжка мне ні было, калі я ўзяла на сябе гэтую адказнасць, то павінна з любоўю праз Марыю ісці да бліжніх і Пана Бога. У нашым „Легіёне“ вельмі адданыя людзі Марыі, але, на жаль, няшмат моладзі.

Маё жаданне, каб у кожнай парафіі дзейнічаў рух „Легіён Марыі“», — дзеліцца сваімі спадзяваннямі Тэрэза.

Можа, моладзі ў руху не так і шмат, але на сустрэчы прысутнічала адна з маладых легінерак — Дар’я Брыштэль са светлагорскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа. Дзяўчына сваім спевам праслаўляе Бога падчас набажэнстваў.

Яна распавяла, што да Маці Божай яе прывяла законніца, якая вяла ў яе катэхезу. Катэхетка заўсёды заклікала да ўшанавання Найсвяцейшай Панны Марыі, навучыла маліцца на ружанцы, заахвочвала таксама маліцца за іншых людзей.

«Напэўна, некаторыя з маладых людзей не паспрабавалі нават зайсці ў касцёл, паглыбіцца ў сутнасць хрысціянскага жыцця. Але калі вы не пачалі цікавіцца гэтым, то як можаце казаць, што гэта нешта незразумелае, ці што вам гэта не падыходзіць? Каб больш далучыць моладзь, можа, трэба больш паказаць другі бок Касцёла. Паказаць, што гэта не руцінныя малітвы; што гэта перадусім супольнасць, сям’я, якая можа стаць добрай падтрымкай для маладых людзей.

Божая Маці заўважна дзейнічае ў маім жыцці, заўсёды дапамагае ў розных патрэбах», — прызналася Дар’я.

Рух «Легіён Марыі» мае пераважна «жаночы твар», аднак усё больш з’яўляецца ў ім мужчын. Сваімі ўражанямі ад рэкалекцый падзяліўся адзін з кандыдатаў ў легіянеры Сяргей Крывенка з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску.

Ён доўга шукаў Бога ў сваім жыцці і спосабы, як можа быць карысным у Касцёле. Аднойчы яму спадабалася, як легіянеры давалі свае абяцанні, а ў той час яго сын ужо быў дапаможным легіянерам. «Я прачытаў кнігу аб жыцці Найсвяцейшай Панны Марыі „Горад Божы“ і адчуў патрэбу ў руху. Мне падабаюцца такія супольныя сустрэчы, духоўныя практыкаванні.

Добра, што мы можам разам маліцца, браць адзін ад аднаго запал любові, веры, прыклад хрысціянскіх паводзін», — адзначыў Сяргей.

Напэўна, адзін з нямногіх актыўных мужчын-легіянераў, які ўдзельнічае ў дзейнасці руху з самага пачатку яго існавання ў Беларусі, гэта Уладзімір Вайцяховіч.

Пачаўшы ўдзельнічаць у сакрамэнтах, ён адчуў жаданне дзяліцца з іншымі людзьмі радасцю і ласкамі, атрыманымі ад Духа Святога.

«Вялікім прыкладам для мяне з’яўляецца Фрэнк Даф, заснавальнік „Легіёна Марыі“.Ён клапаціўся пра тое, каб рух адпавядаў той высокай планцы, якую Маці Божая для яго паставіла. Я зразумеў, што адказнасць гэтага руху перад Богам і Касцёлам вельмі высокая, бо мы тыя, хто з’яўляецца тварам Касцёла ў штодзённым жыцці сярод няверуючых і людзей розных веравызнанняў», — лічыць Уладзімір.

 

 

Абноўлена 10.09.2021 10:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа