Пошук

01.09.2021 13:21   Паводле: Grodnensis.by / Фота: с. Наталля Дрэма SAC / Grodnensis.by

30 жніўня ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі) у Гродне прайшла сустрэча катэхетаў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі. Гэтай сустрэчай быў урачыста адкрыты катэхетычны год у дыяцэзіі.

Як паведамляе Grodnensis.by, у гэты дзень у святыні сабралося больш за 50 катэхетаў: святары, сёстры законныя, свецкія асобы. Прысутныя выслухалі дзве канферэнцыі, удзельнічалі ў малітве перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і ў святой Імшы.

У першай канферэнцыі дырэктар Аддзелa каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай дыяцэзіяльнай курыі ксёндз Aндрэй Шчупал CSsR нагадаў пра задачы і місію катэхетаў, якія павінны перадаваць не сваё ўласнае вучэнне або вучэнне якогасьці іншага настаўніка, а вучэнне Езуса Хрыста і весці сваіх вучняў не толькі да сустрэчы, але і да з’яднання і нават глыбокай блізкасці з Езусам.

У другой канферэнцыі пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Граўжышках (Ашмянскі дэканат) ксёндз Павел Раманоўскі закрануў тэму жывой сувязі з Настаўнікам Езусам як фундаментальнага сродку прававернасці ў перадачы праўдаў веры і плённасці катэхізацыі.

Кульмінацыяй сустрэчы стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

З пастырам канцэлебравалі Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі і святары, якія ў гэты дзень атрымалі дэкрэты аб прызначэнні катэхетычнымі візітатарамі ў сваіх дэканатах.

Біскуп Кашкевіч цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто займаецца катэхізацыяй у дыяцэзіі, a таксама за дзяцей, моладзь і дарослых, якія ў гэтым навучальным годзе будуць удзельнічаць у катэхізацыі.

Божае слова прамовіў канцлер Курыі Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Аляксандр Мацкевіч, які казаў пра ролю катэхета ў сучасным свеце, адзначыўшы, што катэхет павінен стаць сапраўдным правадніком для ўсіх, сярод каго служыць.

На заканчэнне Эўхарыстыі да прысутных звярнуўся біскуп Юзаф Станеўскі, які ў беларускім каталіцкім епіскапаце адказвае за душпастырства моладзі.

Іерарх падкрэсліў, што задача катэхета не столькі ў перадачы вучням пэўных ведаў, колькі ў тым, што Святы Айцец Францішак называе суправаджэннем на шляху веры.

Таму біскуп адзначыў важнасць прабывання з маладымі людзьмі і заахвоціў катэхетаў прапанаваць асабліва моладзі, якая рыхтуецца да прыняцця сакрамэнту хрысціянскай сталасці, прачытаць адгартацыю Папы Францішка Christus vivit («Хрыстус жыве»). Гэты дакумент з’яўляецца падсумаваннем Сіноду Біскупаў на тэму моладзі, што праходзіў у кастрычніку 2018 года ў Ватыкане.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч са свайго боку падзякаваў катэхетам за вялікую працу суправаджэння вучняў на шляху ўзрастання ў веры і за тое, што ўласным стаўленнем, паводзінамі, стылем жыцця яны даюць вучням прыклад веры.

Словы ўдзячнасці ён выказаў Аддзелу каталіцкага навучання і выхавання дыяцэзіяльнай Курыі на чале з яго дырэктарам ксяндзом Андрэем Шчупалам CSsR за клопат аб узроўні катэхізацыі ў Гродзенскай дыяцэзіі.

Іерарх пажадаў, каб новы катэхетычны год быў багатым на Божую ласку, а штодзённае служэнне дзецям і моладзі прыносіла толькі радасць і задавальненне.

Сустрэча, якая завяршылася супольным абедам у сталоўцы міждыяцэзіяльнай семінарыі, стала нагодай набрацца духоўных сіл, патрэбных для таго, каб весці дзяцей і моладзь да Бога — крыніцы ўсялякага дабра. Дзякуючы ёй катэхеты таксама мелі магчымасць абмяняцца вопытам і метадамі, якія выкарыстоўваюць у працы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа