У суботу 28 жніўня каля 80-і вернікаў парафіі Узвышэння святога Крыжа ў Вілейцы наведалі санктуарый Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі, каб у малітве прасіць Божага благаслаўлення на новы навучальны год.
Пілігрымку арганізаваў і ўзначаліў пробашч Вілейскай парафіі ксёндз канонік Аляксандр Барыла.
«Маці Божая Гудагайская, Ты ведаеш кожнага з нас, бо мы Твае дзеці. Ты ведаеш нашыя радасці, поспехі, але таксама і нашыя праблемы, цяжкасці. Просім Цябе, заступіся за нас і выпрасі шчодрае благаслаўленне для кожнага», — такімі словамі святар распачаў малітву перад цудадзейным абразом Маці Божай.
У санктуарыі пілігрымаў гасцінна сустрэў айцец Аркадзь Куляха OCD, які распавёў пра санктуарый і абраз Маці Божай Гудагайскай. Адным з пунктаў праграмы наведвання санктуарыя была адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і магчымасць прыступіць да споведзі.
Цэнтрам дня стала святая Iмша, да ўдзелу ў якой далучыліся таксама пілігрымы з Ашмянаў, якія прыбылі ў Гудагай на роварах.
У гаміліі айцец Аркадзь разважаў пра таленты, падкрэсліўшы, што Бог дае кожнаму з нас нашмат больш, чым мы можам сабе ўявіць. Пасля Эўхарыстыі пілігрымы памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці.
«Гэтым летам, я наведала некалькі санктуарыяў; у большасці з іх была ўпершыню. Калі я ўвайшла ў касцёл у Гудагаі, у мяне ўзнікла пачуццё, быццам я тут ужо была, таму што адчула сябе тут вельмі ўтульна, нібы каля Нябеснай Маці. Для мяне гэта была яшчэ адна „духоўная падзарадка“ перад новым навучальным годам», — падзялілася сваімі ўражаннямі студэнтка Эльвіра Плюсніна.
У нядзелю 29 жніўня вілейскія вернікі працягнулі маліцца ў інтэнцыі вучняў, студэнтаў, настаўнікаў і бацькоў перад пачаткам навучальнага года.
На заканчэнне ранішняй святой Імшы святар благаславіў навучэнцаў і настаўнікаў, а таксама заплечнікі і школьныя прылады.