У суботу 14 жніўня пры парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Удзеле (Віцебская дыяцэзія, Глыбоцкі дэканат) упершыню прайшоў фестываль хрысціянскай музыкі SD FEST.
Як паведамляе Catholicnews.by, музычнае мерапрыемства для моладзі адбылося ў дзень успаміну святога Максімільяна Марыі Кольбэ пад дэвізам «У любові няма страху». У гэты дзень прыпала 80-я гадавіна мучаніцкай смерці польскага францішканіна, які падчас Другой сусветнай вайны дабравольна ахвяраваў сваё жыццё ў нацысцкім лагеры смерці каля Авсенцыма, каб уратаваць іншага чалавека.
На фэст у Удзеле сабралася моладзь з Браслава, Брэста, Варапаева, Віцебска, Мінска, Падсвілля і з Полацка.
З ініцыятывай правядзення SD FEST-у выступіла моладзь з Глыбокага разам з вікарыем тутэйшай парафіі ксяндзом Яўгенам Шымановічам. Першы музычны фестываль быў арганізаваны пры падтрымцы моладзі парафіі ў Удзеле разам на чале з айцом Віктарам Мялешкам OFMConv.
Фестываль распачаўся са святой Імшы, пасля якой быў вольны час для таго, каб усе ўдзельнікі маглі добра зарыентавацца ў яго рэлігійна-культурнай прасторы: у «духоўнай зоне» кожны меў магчымасць паразважаць над тым, што для яго значыць каханне, у «бары» частавалі смачнымі напоямі і слодычамі, а «зона гульняў» дапамагала знайсці новых сяброў.
Пасля квэсту на знаёмства з тэрыторыяй і згуртаванне каманды распачаліся выступленні ўдзельнікаў фестывалю.
Сваю творчасць на ім прадставілі гурты Sperantes in Domino (Глыбокае), Ex anima (Браслаў), моладзь з Удзела і Варапаева, дуэт Laudans (Брэст).
Каталіцкі актывіст Арцём Ткачук з Гродна правёў канферэнцыю «Паступіць, зрабіць кар’еру і не згубіць веру», падчас якой падзяліўся сваім сведчаннем хрысціянскага жыцця. Пасля канцэртнай праграмы моладзь чакалі танцы і гульні. Завяршэннем вечара стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту на свежым паветры, падчас якой юнакі і дзяўчаты разам праслаўлялі Бога ў супольнай малітве.