Пошук

17.08.2021 14:52   Паводле: Grodnensis.by

14 жніўня ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адамавічах (Гродзенская дыяцэзія, Сапоцкінскі дэканат) адзначылі юбілей 100-годдзя з моманту заснавання Кангрэгацыі Сясцёр Кармэлітак Дзіцяткі Езуса і 30-годдзя служэння супольнасці ў Беларусі.

Як паведамляе Grodnensis.by, на ўрачыстай Імшы падзякі за ўсе ласкі, якія атрымаў Касцёл за гэты час праз служэнне законніц, чыё пакліканне заключаецца ў словах святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса «Маё неба — чыніць дабро на зямлі», сабраліся ўдзячныя вернікі.

Цэлебрацыю Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Разам з ім маліліся Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі і святары.

У Імшы ўзялі ўдзел усе сёстры кармэліткі, якія служаць у Беларусі.

Сёння ў краіне тры кляштары кангрэгацыі: у Адамавічах і Гудагаі (Гродзенская дыяцэзія), а таксама ў Брэсце (Пінская дыяцэзія). У Беларусі служаць адзінаццаць сясцёр, прычым усе яны мясцовыя. Яшчэ дзве сястры з нашай краіны нясуць служэнне ў Польшчы.

Гамілію падчас святой Імшы прамовіў пробашч парафіі ў Адамавічах ксёндз Аляксандр Шэмет. Святар узгадаў гісторыю заснавання кангрэгацыі і харызму яе заснавальнікаў.

Кангрэгацыя была заснавана ў 1921 годзе ў Польшчы айцом Анзэльмам Гондэкам, кармэлітам.

Айцец Анзэльм адчуў у сэрцы Божы заклік, каб акрамя ўжо існуючага Ордэна Сясцёр Кармэлітак Босых, якія жывуць і моляцца, працуюць і служаць Богу ў закрытых кляштарах, заснаваць супольнасць кармэлітак, якія будуць жыць у духу харызмы гэтага ордэна, але пры гэтым стануць служыць, маліцца і працаваць сярод людзей.

Ксёндз Шэмет нагадаў, што з прапановай заснавання новай галіны ордэна айцец Анзэльм звярнуўся да Яніны Керацінскай — Слугі Божай Тэрэзы ад святога Юзафа, — якая адчувала пакліканне да манаскага жыцця ў кармэліцкай харызме. Сёлета прыпадае 75-годдзе яе адыходу ў вечнасць.

Айцец Анзэльм Гондэк назваў супольнасць Кангрэгацыяй Сясцёр Кармэлітак Дзіцяткі Езуса і заахвочваў наследаваць цноты Божага Дзіцяці. Жыццё сясцёр бярэ за ўзор жыццё Святой Сям’і з Назарэта — убогае, простае і цалкам даверанае Божаму Провіду.

Сярод заданняў супольнасці — служэнне ўбогім і найбольш патрабуючым, катэхізацыя дзяцей і моладзі, дапамога ў сакрыстыі, служэнне арганісткі, выхаванне дзяцей у дзіцячым садку, праца з дзецьмі-інвалідамі і разнастайныя хатнія працы пры кляштары.

На заканчэнне Імшы сястра Магдаліна Кулай, якая распачынае сваё служэнне ў парафіі ў Адамавічах у якасці настаяцельніцы кляштара, ад імя сясцёр падзякавала ўсім за прысутнасць у гэты важны для іх законніцкай супольнасці дзень.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч выказаў словы ўдзячнасці кармэліткам за адданае служэнне ў дыяцэзіі і ў Касцёле на Беларусі.

Пастыр пажадаў законніцам працягваць рабіць дабро ўсім тым, каго Бог кожны дзень ставіць на іх шляху. Іерарх дадаў, што без сясцёр законных наш мясцовы Касцёл быў бы вельмі бедны.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч пажадаў кангрэгацыі далейшага развіцця ў служэнні Касцёлу.

Пасля Імшы кармэліткі запрасілі ўсіх прысутных на абед у сад пры кляштары, дзе святкаванне працягнулася ў шчырай нязмушанай атмасферы Божай сям’і.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця