У нядзелю 8 жніўня ў парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі прывіталі новага пробашча, якім два тыдні таму біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч прызначыў ксяндза Паўла Калесніка.
Як паведамяляецца на старонцы «Дэканат Іўе» ў сацыяльнай сетцы Вк, новага душпастыра прадставіў вернікам парафіі і ўвёў на пасаду Біскупскі вікарый па Лідскай акрузе Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Уладзімір Гуляй.
З гэтай нагоды на пачатку ўрачыстай літургіі па даручэнні пастыра Гродзенскай дыяцэзіі Біскупскі вікарый прачытаў дэкрэт і звярнуўся са словам да новага пробашча парафіі:
«Паважаны ксёндз Павел Калеснік! Урачыста аб’яўляю, што ты атрымліваеш у гэтай парафіі ўладу пробашча, якой цябе надзяляе Рыма-Каталіцкі Касцёл, аддаю табе ў апеку духоўнае дабро вернікаў, нагадваючы, што калісьці ты будзеш адказваць за іх на судзе Божым. Аддаю таксама табе ў апеку матэрыяльны стан гэтай парафіі», — дадаў афіцыйны прадстаўнік біскупа Гродзенскага.
Ксёндз Уладзімір Гуляй благаславіў новага душпастыра парафіі і павіншаваў яго ад імя біскупаў Гродзенскай дыяцэзіі, святароў і законніц Івейскага дэканату, а асабліва ад імя ўсёй парафіяльнай супольнасці.
Ксёндз Павел прамовіў вызнанне веры і прынёс урачыстую прысягу вернага выканання абавязкаў пробашча, пасля чаго была падпісана дэкларацыя аб тым, што новапрызначаны душпастыр даў прысягу вернасці, а таксама пратакол уступлення на пасаду пробашча. Гэтыя дакументы ксёндз канонік як дэлегат біскупа перадасць у дыяцэзіяльную Курыю разам з актам прыёма парафіі.
Як сімвал уступлення на пасаду пробашча ксяндзу Паўлу Калесніку былі перададзены ключы ад святыні і парафіяльных будынкаў з просьбаю адчыняць касцёл усім, хто шукае Бога.
Кульмінацыяй урачыстасці стала цэлебрацыя святой Імшы ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці.
Ксёндз Павел заахвоціў вернікаў маліцца за тых, хто не змог прысутнічаць у касцёле, а таксама за ўсіх святароў, якія працавалі ў івейскай парафіі.
На заканчэнне Эўхарыстыі новага пробашча прывіталі парафіяльныя групы супольнасцяў «Маці ў Малітве», «Легіён Марыі», міністранты, дзеці, моладзь і ўсе вернікі парафіі. Ксёндз Павел Калеснік падзякаваў усім за прысутнасць, падрыхтоўку і ўдзел у гэтай урачыстай падзеі.
Ксёндз Павел Калеснік нарадзіўся 9 лютага 1976 года, паходзіць з катэдральнай парафіі святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 3 чэрвеня 2000 года ў Гродне з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. Да гэтага часу святар шмат гадоў быў пробашчам у парафіях Найсвяцейшай Тройцы ў Жодзішках і Маці Божай Добрай Рады ў Нястанішках (Астравецкі дэканат).