Пошук

20.07.2021 12:34   Тэкст: А. Яўген Голуб OFMConv / Фота: Аліна Залатар / Catholic.by

У нядзелю 18 ліпеня ў вёсцы Баравікоўшчына ўшанавалі благаслаўлёных Ахілеса Пухалу і Германа Стэмпеня, францішканскіх благаслаўлёных, якія прынялі мучаніцкую смерць у гады Другой сусветнай вайны.

Цэлебрацыю святой Імшы на месцы іх мучаніцтва ўзначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

У супольнай малітве бралі ўдзел францішкане з івянецкага кляштара святога Антонія разам з парафіянамі з Івянца і Пяршаяў, моладзь з Удзела са сваім душпастырам (Віцебская дыяцэзія), шматлікія госці.

У прамоўленай на Эўхарыстыі гаміліі біскуп Станеўскі падкрэсліў вялікую каштоўнасць сведчання францішканскіх мучанікаў, чыя ахвяра і вернасць стала для іх парафіянаў і наступных пакаленняў вернікаў жывым увасабленнем Евангелля.

«Сёння мы, сабраныя на гэтым месцы, на зямлі, акропленай крывёю мучанікаў за веру, за Хрыста, за брата і сястру сваю не праз повязі крыві, а праз словы малітвы „Ойча наш“, прыходзім, каб зноў дакрануцца да падзей мінулага. Тут было жыццё. Тут нашыя продкі заклалі падмурак веры для дома жыцця…

Благаслаўлёныя мучанікі Ахілес і Герман заклікаюць да нашых сэрцаў: „Паверце, што Бог ёсць любоў; абудзіце ў сабе надзею, і няхай гэтая надзея дасць у вас плён у кожным жыццёвым выпрабаванні“», — сказаў біскуп Юзаф Станеўскі.

Урачыстую літургію, да якой дзякуючы трансляцыі на «Радыё Марыя» маглі духоўна далучыцца вернікі з усёй Беларусі і з-за мяжы, упрыгожылі сваім спевам удзельнікі супольнасці Ubi Caritas.

 

Абноўлена 21.07.2021 10:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа