Пошук

23.07.2026 17:11   Тэкст: Аліна Залатар / Фота: Мілана Аксаментава / Catholic.by

18 і 19 ліпеня ў Івянцы і Баравікоўшчыне прайшлі ўрачыстасці, прысвечаныя памяці благаслаўлёных Ахілеса Пухалы і Германа Стэмпеня — айцоў францішканаў, якія ў гады Другой сусветнай вайны прынялі мучаніцкую смерць, да канца застаўшыся са сваімі парафіянамі.

У суботу 18 ліпеня вернікі вырушылі ў пілігрымку з Івянца ў Баравікоўшчыну да месца мучаніцтва благаслаўлёных францішканаў.

У пілігрымцы і супольнай малітве ўзялі ўдзел святары, скаўты, парафіяне, пілігрымы і шматлікія госці. На месцы, асвечаным крывёю мучанікаў, была цэлебравана святая Імша, каб падзякаваць Богу за сведчанне веры благаслаўлёных мучанікаў. Падчас урачыстасці вернікі ўшанавалі рэліквіі благаслаўлёных Ахілеса і Германа, просячы іх заступніцтва перад Богам.

Памяць пра гэтых святароў застаецца жывой сярод мясцовых вернікаў. Іх вернасць Хрысту і людзям, якім яны служылі, працягвае натхняць наступныя пакаленні.

Благаслаўлёныя мучанікі не толькі належаць да гісторыі Касцёла на беларускай зямлі, але і сёння застаюцца блізкімі заступнікамі тых, хто звяртаецца да іх у малітве.

Трагічныя падзеі адбыліся 19 ліпеня 1943 года. Падчас карнай аперацыі нацысты затрымалі каля 300 жыхароў Пяршаяў. Айцы-францішкане Ахілес Пухала OFMConv і Герман Стэмпень OFMConv ахвяравалі сабой дзеля парафіян і былі забітыя ў Баравікоўшчыне, а ўсе затрыманыя жыхары былі ўратаваныя.

13 чэрвеня 1999 года ў Варшаве Папа Ян Павел ІІ абвясціў іх благаслаўлёнымі ў складзе групы 108 мучанікаў Другой сусветнай вайны.

Працягам ушанавання стала ўрачыстая святая Імша, якая адбылася ў нядзелю 19 ліпеня ў касцёле святога Міхала Арханёла ў Івянцы. Падчас урачыстасці былі асвечаны ружы. Гэтыя кветкі сталі сімвалічным напамінам пра любоў, вернасць і ахвяру. Гэта каштоўнасці, якія асаблівым чынам праявіліся ў жыцці і мучаніцкай смерці благаслаўлёных Ахілеса і Германа.

Два дні супольнай малітвы ў Івянцы і Баравікоўшчыне сталі сведчаннем таго, што памяць пра благаслаўлёных мучанікаў працягвае жыць. Іх прыклад нагадвае, што вернасць Евангеллю, любоў да Бога і бліжняга мацнейшыя за страх, гвалт і смерць.

Абноўлена 23.07.2026 18:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа