У нядзелю 11 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Тракелях святой Імшой, цэлебрацыю якой ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, завяршыліся адпустовыя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Каралевы нашых сем’яў.
Як перадае Grodnensis.by, сёлетні Тракельскі фэст прайшоў пад дэвізам «Марыя, у Табе наша надзея».
У Эўхарыстыі ўдзельнічалі біскупы і святары з розных дыяцэзій Беларусі.
Вітаючы ўдзельнікаў, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што прысутнасць Апостальскага нунцыя набліжае асобу Папы Францішка, якога асабліва ў гэты час, калі ён знаходзіцца ў шпіталі, падтрымліваюць сваімі малітвамі вернікі дыяцэзіі.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што для прадстаўніка Папы гэта першая нагода асабіста пазнаёміцца з вернікамі і сем’ямі дыяцэзіі, якія перад літургіяй аднавілі сужэнскія абяцанні, зноў запрасіўшы Бога ў сваё жыццё. Біскуп Кашкевіч прывітаў таксама прысутных прадстаўнікоў мясцовых і раённых уладаў на чале са старшынёй Воранаўскага райвыканкама Дзмітрыем Заxарчуком.
Ва ўступе да літургіі іерарх адзначыў, што Марыя ведае ўсе чалавечыя цярпенні і надзеі, бо адчувае па-мацярынску ўсе змаганні паміж дабром і злом, святлом і цемрай, што вядуцца ў свеце.
«Таму ў салідарнасці веры, любові і надзеі мы становімся сёння перад цудадзейнай выявай нашай нябеснай Маці. Не толькі каб прасіць аб духоўных ласках, бо Яна іх для нас заўсёды нястомна просіць, але і каб у Яе пакорна пытацца, што мы павінны рабіць, каб споўніць Яе матчыну добрую параду з Каны Галілейскай: „Тое, што Ён скажа вам, зрабіце“ (Ян 2, 5), — дадаў біскуп Аляксандр Кашкевіч.
У прамоўленым на Імшы Божым слове Апостальскі нунцый адзначыў, што вельмі рады магчымасці ўзначаліць сёлетнія ўрачыстасці ў дыяцэзіяльным санктуарыі і са шматлікімі пілігрымамі маліцца перад цудатворным абразом Маці Божай Каралевы нашых сем’яў.
Па словах прадстаўніка Папы Францішка ў нашай краіне, гэты абраз натхняе вернікаў і дае новыя духоўныя сілы, каб перажыць цяжкасці, з якімі яны сутыкаюцца на зямным шляху. Нунцый Ёзіч дадаў, што дзякуючы Маці Божай Тракельскай гістарычная святыня становіцца ўсё больш прывабнай для вернікаў, якія знаходзяць там адпачынак, супакой, адказы на пытанні, натхненне для штодзённага жыцця, здароўе і падтрымку ў хваробе.
«Я ўпэўнены, што кожны з вас знойдзе свой асабісты спосаб наблізіцца да абраза Маці Божай Тракельскай, адкрыць сваё сэрца і папрасіць Божых ласкаў для штодзённага жыцця, асабліва ў гэты перыяд пандэміі каранавірусу», — сказаў Апостальскі нунцый.
Ён заахвоціў звяртацца да Маці Божай, каб Яна прыйшла на дапамогу і абараніла чалавецтва ад усялякай заразы і пошасці, якія пагражаюць жыццю і яго годнасці, і каб усе маглі стаць усыноўленымі дзецьмі, якія не баяцца новых праблем сучаснага свету.
Разважаючы над фрагментам Евангелля пра адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты, арцыбіскуп адзначыў, што Маці Божая дае прыклад таго, як праявіць увагу да іншых, асабліва да тых, хто пакутуе і апынуўся на перыферыі жыцця.
«Мы не можам быць пасіўнымі альбо абыякавымі да іншых, чакаючы лепшых часоў. Кожны момант адпаведны для таго, каб дзейнічаць і радаваць іншага, як гэта зрабіла Марыя, наведваючы Альжбету», — дадаў прадстаўнік Святога Айца.