27 чэрвеня ў Познані (Польшча) чатыры сястры законныя з супольнасці Місіянерак Хрыста Валадара прынеслі першыя манаскія абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці. Сярод іх — сястра Анастасія Мішкура з Беларусі, якая паходзіць з парафіі святога Мікалая ў Геранёнах (Івейскі дэканат).
Як паведамляе Grodnensis.by, на ўрачыстасці сабраліся сёстры з гэтай законніцкай супольнасці, ксяндзы хрыстусоўцы, у тым ліку зямляк сястры Анастасіі ксёндз Уладзімір Марушэўскі TChr, які цяпер служыць у Мінску. Прысутнічала таксама маці сястры Анастасіі Яніна.
Сімвалічна склалася так, што Імшу, на якой маладыя законніцы прыносілі свае першыя абяцанні жыцця паводле евангельскіх парад, цэлебраваў былы пробашч роднай парафіі сястры Анастасіі Мішкуры ксёндз Андрэй Лысы TChr.
У гаміліі святар падкрэсліў, што прысутнасць сясцёр законных у сённяшнім свеце з’яўляецца сведчаннем прысутнасці Божага Валадарства на зямлі.
«Ідзіце з даверам за Хрыстом, які вас запрашае, кліча, благаслаўляе і падрыхтаваў для вас цудоўныя дары, тут і сёння, у служэнні Богу, у Касцёле, у вашай супольнасці, але найперш там, у вечнасці, бо яна ўсё бліжэй да вас», — пажадаў сёстрам ксёндз Андрэй.
Перад Імшой бацькі законніц удзялілі ім благаслаўленне на новы этап жыцця. Напярэдадні на вячэрняй адарацыі і падчас нядзельнага Ружанца ўся законніцкая супольнасць і прысутныя госці дзякавалі Богу за дар паклікання сясцёр.
Перад уступленнем у супольнасць сястра Анастасія Мішкура скончыла Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах. Пэўны час яна была катэхеткай у сваіх родных Геранёнах, праводзіла заняткі для дзяцей і моладзі пры геранёнскай парафіі, а таксама працавала настаўніцай пачатковых класаў у Іўі.
Неаднаразова да ўступлення ў супольнасць яна выконвала абавязкі спецыяльнага карэспандэнта газеты Гродзенскай дыяцэзіі «Слова Жыцця» і рэдакцыі Grodnensis.by падчас розных дыяцэзіяльных урачыстасцяў.