Пошук

28.06.2021 13:41   Фота: з архіву парафіі / Catholic.by

У парафіі святога Яна Хрысціцеля, што ў Беняконях (Радунскі дэканат), адбыўся парафіяльны фэст, на які завітаў ганаровы госць — Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

Селетняя ўрачыстасць у мясцовай парафіі была асаблівай, бо больш за 40 чалавек, пераважна моладзь, прынялі з рук іерарха сакрамэнт канфірмацыі.

Яшчэ адной адметнасцю гэтага адпусту стала тое, што пробашч парафіі ў Беняконях ксёндз Станіслаў Лабан, нядаўна менаваны біскупам Аляксандрам Кашкевічам ганаровым канонікам Гродзенскага катэдральнага капітулу, упершыню з’явіўся перад вернікамі ў адпаведным кананіцкім строі. Намінацыйны дэкрэт зачытаў дэкан капітулу ксёндз канонік Генрых Яблонскі.

Вернікі з энтузіязмам прывіталі новага каноніка і пажадалі плённай працы свайму пробашчу.

 

Біскуп Юзаф Станеўскі, які ўзначаліў цэлебрацыю адпустовай святой Імшы, звяртаючыся да парафіяльнай супольнасці, асаблівым чынам вёў дыялог з моладдзю. Асновай для дыялогу стала паслясінадальная Апостальская адгартацыя Папы Францішка Christus Vivit — «Хрыстус жыве», напісаная Святым Айцом у форме ліста да моладзі. Іерарх заахвочваў моладзь зрабіць Касцёл маладым сваёй маладосцю, прысутнасцю у супольнасцях, актыўным удзелам у парафіяльным жыцці.

Адказны за моладзь у беларускім каталіцкім епіскапаце біскуп Станеўскі засяродзіў увагу на асобе апекуна парафіі ў Беняконях Святога Яна Хрысціцеля і, звяртаючыся да моладзі, зазначыў:

«Сёння ваш час абвяшчаць свету шляхі, якія вядуць да Бога і Касцёла, а не аддаляюць ад Яго. Вы ведаеце як гэта зрабіць: вы атрымалі моц з вышыні: будзьце ж адважнымі! Сваім жыццёвым прыкладам перамяняйце гэты свет, каб ён быў больш Божым, а значыць і больш чалавечным».

На заканчэнне парафіяльнай урачыстасці адбылася Эўхарыстычная працэсія.

Абноўлена 28.06.2021 13:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця