З 23 чэрвеня па 1 ліпеня праходзіць адмысловая дзевяцідзённая малітва — Навэнна да Маці Божай Будслаўскай у інтэнцыі хутчэйшай адбудовы пашкоджанага пажарам Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе.
- 1. Малітва да Маці Божай Будслаўскай
Маці Божая Будслаўская! Ты вядзеш нас да свайго Сына. Дзякуючы Твайму заступніцтву мы ўмацоўваемся ў веры. Дзякуючы Тваёй апецы ўзрастае наша надзея на канчатковую перамогу дабра над злом ва ўсім свеце і ў нас саміх. Дзякуючы Твайму панаванню мы напаўняемся любоўю і дабрынёй.
Просім Цябе, святая Марыя, аб тых ласках, якія патрэбны нам для збаўлення і для жыцця ў годнасці дзяцей Божых. Заступіся за нас перад сваім Сынам, каб Ён выслухаў усе нашыя просьбы, якія згодныя з воляй Божай.
Дапамажы нам, наша святая Пані, жыццём і малітваю яшчэ больш наблізіцца да Твайго Сына і да Цябе, Апякункі нашай Айчыны. Амэн.
- 2. Малітва ў другі дзень
«Шчаслівыя засмучаныя» (Мц 5, 4)
Пане Езу Хрыстэ, Ты плакаў, калі страціў свайго сябра Лазара, плакаў над лёсам Ерузалема, Ты вучыш нас, што тыя, хто шчыра плача, шчаслівыя і будуць суцешаныя! Дзякуем Табе за тое, што Ты абараняеш слабых.
Маці Божая Будслаўская! Мы глядзім на Твой цудадзейны абраз і ад Тваёй ласкавасці спазнаём суцяшэнне. Нас умацоўвае Твой поўны любові позірк. Улі ў сэрцы тых, хто смуткуе і плача, бальзам Тваёй дабрыні. Суцеш і асушы слёзы ўсіх, хто смуткуе і знаходзіцца ў адчаі.
Маці суцяшэння, маліся за нас.
- 3. Малітвы Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…