З 23 чэрвеня па 1 ліпеня праходзіць адмысловая дзевяцідзённая малітва — Навэнна да Маці Божай Будслаўскай у інтэнцыі хутчэйшай адбудовы пашкоджанага пажарам Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе.
- 1. Малітва да Маці Божай Будслаўскай
Маці Божая Будслаўская! Ты вядзеш нас да свайго Сына. Дзякуючы Твайму заступніцтву мы ўмацоўваемся ў веры. Дзякуючы Тваёй апецы ўзрастае наша надзея на канчатковую перамогу дабра над злом ва ўсім свеце і ў нас саміх. Дзякуючы Твайму панаванню мы напаўняемся любоўю і дабрынёй.
Просім Цябе, святая Марыя, аб тых ласках, якія патрэбны нам для збаўлення і для жыцця ў годнасці дзяцей Божых. Заступіся за нас перад сваім Сынам, каб Ён выслухаў усе нашыя просьбы, якія згодныя з воляй Божай.
Дапамажы нам, наша святая Пані, жыццём і малітваю яшчэ больш наблізіцца да Твайго Сына і да Цябе, Апякункі нашай Айчыны. Амэн.
- 2. Малітва ў першы дзень
«Шчаслівыя ўбогія духам» (Мц 5, 3)
Пане Езу Хрыстэ, які ўсіх убогіх духам назваў шчаслівымі! Ты ніколі не шукаў славы для сябе, але толькі дабра для чалавечых душаў, дзеля якіх Ты памёр на крыжы. Учыні, каб мы пасталелі ў духу Твайго вучэння. Няхай наша чалавечая годнасць вынікае з любові да Бога і з любові да чалавека.
Маці Божая Будслаўская! На працягу стагоддзяў Ты сваёю апекай атуляла ўсіх, хто прыходзіў да Цябе. Ты з’яўляешся прыкладам любові і пакоры. Узбагачай нас Тваім духам сапраўднага ўбоства.
Маці і Настаўніца любові да Бога і бліжняга, маліся за нас.
- 3. Малітвы Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…