Пошук

21.06.2021 08:08   Catholic.by

20 чэрвеня біскуп Юзаф Станеўскі скіраваў віншаванне з нагоды Дня медыцынскага работніка, які ў Беларусі адзначаецца ў трэцюю нядзелю першага месяца лета.

Паважаныя браты і сёстры ў белых халатах!

З нагоды Дня медыцынскіх работнікаў, які адзначаецца сёння ў нашай краіне, я хацеў бы выказаць вам шчырую ўдзячнасць і найлепшыя пажаданні. Мы заўсёды памятаем пра людзей, якія прафесійна займаюцца выратаваннем здароўя і жыцця іншых. Сёння мы асаблівым чынам скіроўваем нашыя думкі да ўрачоў, медсясцёр і медбратоў, акушэрак, фельчараў, фармацэўтаў і ўсіх іншых супрацоўнікаў бальніц і паліклінік, а таксама ўзносім за іх нашыя малітвы.

Дарагія медыкі, вы ўсе надзвычай важныя і патрэбныя! Мы гэта вельмі востра адчулі асабліва ў цяперашняй эпідэміялагічнай сітуацыі.

Больш за год вы прыкладаеце намаганні для барацьбы з эпідэміяй каранавірусу. Кожны дзень вы самааддана ратуеце гэты найкаштоўнейшы Божы дар — жыццё чалавека. Вы аказваеце дапамогу ў надзвычайных сітуацыях, звязаных са здароўем, і несяце неацэнную дапамогу людзям, якія апынуліся ў цяжкім стане.

Немагчыма знайсці словы, каб выказаць павагу і ўдзячнасць за вашу ахвяру для хворых і церпячых. Застаючыся на «першай лініі фронту» змагання з пандэміяй і ратуючы жыццё іншых людзей, вы выконваеце сваю місію і сваё пакліканне, часта рызыкуючы ўласным здароўем і жыццём.

Асабліва ў гэты цяжкі час пандэміі жадаю вам дабрыні, удзячнасці і разумення пацыентаў, іх сем’яў, падтрымкі з боку валанцёраў.

Пры алтары Пана мы сёння молімся за ўсіх вас, просячы Божай дапамогі, ласкі цярплівай настойлівасці ў барацьбе з «нябачным ворагам» і неабходныя сілы, каб клапаціцца пра хворага чалавека, які заўсёды мае сваю годнасць і правы.

Дарагія медыкі! Жадаю вам моцнага здароўя, задавальнення і шмат радасці пры выкананні гэтага выключна высакароднага служэння. Няхай святы Лука, апякун службы аховы здароўя, выпрасіць для вас і вашых сем’яў дапамогі ад Нябеснага Лекара — Езуса Хрыста.

Няхай Маці Божая, якую мы ўшаноўваем як Аздараўленне хворых, апякуецца ўсёй нашай Радзімай і нашым народам.

З благаслаўленнем ваш пацыент

біскуп Юзаф

Абноўлена 21.06.2021 13:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця