Пошук

14.06.2021 11:11   Тэкст: с. Яна Аляксеева CSSH / Фота: Дар’я Стажок / Catholic.by

13 чэрвеня ў парафіі святога Антонія ў Слуцку адбылася адпустовая урачыстасць, на якую сабраліся не толькі мясцовыя вернікі, але і госці з Асіповічаў, Салігорска і Мінска.

Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

У гаміліі іерарх на прыкладзе святога Антонія адзначыў, што кожны чалавек пакліканы быць святым, а гэта значыць пакліканы ўвайсці ў Божае Валадарства. «Калі мы глядзім на святых, мы бачым, што магчыма ўвайсці ў Божае Валадарства і быць святым. Адзінае, што мы павінны зрабіць — гэта хацець!» — падкрэсліў біскуп. —

Кожны чалавек, незалежна ад таго, як і дзе ён жыў, стане калісьці прад тронам Хрыстовым і адкажа перад Богам за свае добрыя і дрэнныя ўчынкі. Божае Валадарства — гэта ўзнагарода за тое дабро, якое чалавек зрабіў у сваім жыцці. Кожны дзень мы робім розныя ўчынкі, часам можам памыляцца, зрабіць штосьці няправільна, але Езус кажа, што Ён міласэрны і заўсёды гатовы нам прабачыць.

<…> Езус Хрыстус параўноўвае Божае Валадарства з зернем. Бог кожнаму з нас даў зерне веры. Зярнятка веры толькі тады ўзрасце і прынясе ў нашым жыцці плён, калі мы будзем нястомна клапаціцца пра яго. А гэта працэс, які трывае ўсё жыццё», — адзначыў у гаміліі іерарх.

Біскуп Касабуцкі пажадаў усім прысутным, каб праз заступніцтва святога Антонія зярнятка веры прыносіла багаты плён у нашым жыцці і каб мы ўсе сустрэліся ў Божым Валадарстве.

На заканчэнне ўрачыстай святой Імшы адбылася працэсія вакол касцёла, падчас якой вернікі праслаўлялі і дзякавалі Богу за ўсе яго дары, а таксама прасілі праз заступніцтва святога Антонія неабходныя ласкі для збаўлення.

Згодна з традыцыяй, пасля святой Імшы быў благаслаўлёны хлеб, які нагадвае нам, што мы павінны быць, па прыкладу святога Антонія, міласэрнымі і добрымі і дзяліцца дабротамі з бліжнімі.

Парафіяне выказалі падзяку біскупу Юрыю за яго прысутнасць, супольную малітву, а таксама за пасеянае зерне слова, якое ўмацавала на дарозе да Божага Валадарства.

 

Абноўлена 14.06.2021 11:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа