Да ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай і фэсту, які сёлета пройдзе 2–3 ліпеня, застаецца тры тыдні, і ў Будславе падрыхтоўка да святкавання ідзе паралельна з працамі па ратаванні святыні пасля пажару.
Распавесці пра тое, як у Будславе рыхтуюцца да фэсту, Catholic.by папрасіў пробашча будслаўскай парафіі ксяндза Дзмітрыя Дубовіка.
Святар паведаміў, што падчас фэсту доступ у пашкоджаны пажарам санктуарый па рашэнні адпаведных службаў будзе цалкам закрыты для ўсіх. З увагі на тэхніку бяспекі тэрыторыя вакол святыні будзе агароджана, у сувязі з чым споведзь будзе адбывацца за плябаніяй, а ўсе набажэнствы будуць праходзіць на вуліцы.
Цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай плануецца размясціць на палявым алтары, да якога паміж Імшамі будзе адкрыты доступ.
Ксёндз Дзмітрый Дубовік адзначыў, што цяпер арганізатарам важна ведаць, колькі людзей плануе заставацца ў Будславе на ноч з 2 на 3 ліпеня.
«Ад колькасці людзей будзе залежаць, дзе ў гэтым годзе будзе размяшчацца намётавы лагер.
Таму мы просім усіх арганізатараў груп, якія збіраюцца ехаць у Будслаў, асабліва тых, хто прыедзе на аўтобусах, як мага хутчэй паведаміць пра свой удзел і пра тое, ці плануюць яны заставацца на ноч у намётавым лагеры», — кажа будслаўскі пробашч.
Звесткі пра ўдзел неабходна паведамляць яму па тэлефоне або дасылаць на электронную пошту ТУТ>>>