У нядзелю 6 чэрвеня на цвінтары пры касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску па ініцыятыве пробашча залатагорскай парафіі ксяндза каноніка Юрыя Санько адбылася цэлебрацыя святой Імшы і Эўхарыстычная працэсія з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста.
Сёлета працэсію па вуліцах сталіцы зноў было вырашана не праводзіць у сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй.
Альтэрнатывай сталі цэлебрацыі ў парафіях, якія праводзіліся ў сам дзень урачыстасці, 3 чэрвеня, а таксама ў наступную нядзелю.
У святкаванні з працэсіяй на Залатой Горцы ўзялі ўдзел Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, Генеральны вікарый біскуп Юрый Касабуцкі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, святары і некалькі соцень вернікаў.
Цэлебрацыю святой Імшы на палявым алтары ўзначаліў біскуп Велікаселец. У прамоўленым Божым слове ён у чарговы раз нагадаў пра выключнае значэнне Эўхарыстыі для хрысціянскага жыцця.
Пасля Імшы адбылася традыцыйная Эўхарыстычная працэсія да чатырох алтароў.
Адзін з іх быў падрыхтаваны ўдзельніцамі руху «Маці ў Малітве» каля фігуры Маці Божай, фундаванай адной са спачылых удзельніц парафіяльнай групы руху. Алтар каля фігуры Хрыста пры ўваходзе на прыкасцёльную тэрыторыю даўніх могілак падрыхтаваў «Легіён Марыі». Найсвяцейшы Сакрамэнт ад алтара да алтара па чарзе неслі прысутныя прадстаўнікі духавенства, благаслаўляючы прысутных.
Урачыстасць суправаджалася рэлігійнымі спевамі ў выкананні парафіяльнага хору «Залатая Горка» пад кіраўніцтвам Святланы Шэйпы.
У працэсіі неслі таксама копіі абразоў Маці Божай з васьмі найбольш вядомых Марыйных санктуарыяў Беларусі.
Пасля ўрачыстасці на Залатой Горцы гэтыя выявы былі дастаўлены ў размешчаную непадалёк Апостальскую нунцыятуру, дзе іх благаславіў прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне арцыбіскуп Антэ Ёзіч. У бліжэйшую суботу благаслаўлёныя копіі абразоў Маці Божай скіруюцца ў перэгрынацыю ўздоў межаў Беларусі, суправаджаючы посную пілігрымку, арганізаваную ксяндзом канонікам Уладзіславам Завальнюком.