Пошук

31.05.2021 12:09   Тэкст: Валянціна Грамыка / Фота: Марына Сінкевіч / Catholic.by

30 мая, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім, дзе на гэты дзень прыпадае парафіяльны фэст.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп падкрэсліў, што неспасцігальную таямніцу Святой Тройцы можна зразумець толькі «вачыма веры».

«Святая Тройца, сутнасці якой мы да канца не можам зразумець, праяўляе сябе ў дзеянні, у дынаміцы. Стварэнне свету звычайна прыпісваецца Богу Айцу, збаўленне — Богу Сыну, асвячэнне — Богу Духу Святому»,— адзначыў іерарх.

«Калі мы не можам зразумець таямніцу Святой Тройцы, то для чаго Езус нам яе адкрыў? — працягваў арцыпастыр. — Важнасць вучэння пра Святую Тройцу заключаецца ў тым, што мы створаны паводле вобразу і падабенства Божага. Таму, чым лепш мы разумеем Бога, тым лепш пазнаём саміх сябе».

«Як кажуць эксперты ў галіне рэлігіі, людзі заўсёды імкнуцца быць падобнымі да бога, якому пакланяюцца. Людзі, якія праслаўляюць бога-ваяра, як правіла, ваяўнічыя; калі яны шануюць бога задавальнення, то шукаюць прыемнасцяў; калі праслаўляюць бога гневу, жадаюць помсты; тыя, хто пакланяецца богу любові, мараць пра любоў. Які бог — такія і паклоннікі», — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш.

«Мы створаны на вобраз і падабенства Божае, а значыць нашае жыццё павінна быць трынітарным, як жыццё Бога, а мы павінны кіравацца прынцыпам „я, Бог і бліжні“, чаго так патрабуе сучасны свет»,— працягваў іерарх.

У той жа час, як нагадаў арцыпастыр, «для будавання новых адносін паміж людзьмі і ў грамадстве, акрамя добрых міжчалавечых адносін неабходны і належныя адносіны з Богам». «Ці не настаў час, асабліва перад абліччам эпідэміялагічнага, грамадска-палітычнага і маральнага крызісаў, упарадкаваць нашае жыццё па прыкладу Святой Тройцы, у якім пануе гармонія ў адносінах, супольная дзейнасць і любоў? Чаму б і не? Нам няма чаго губляць, акрамя ланцугоў нашых грахоў і дрэнных звычак».

Усклікаючы да Святой Тройцы, іерарх маліўся аб дары «жыцця ў любові да Бога і бліжняга, крэатыўнай любові, якая будуе новы справядлівы свет».

 

Абноўлена 31.05.2021 21:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця