23 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, у парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні ў літургічную службу алтара былі прыняты новыя лектары.
Лектар падчас святой літургіі выконвае літургічную паслугу і ўдзельнічае ў прароцкай місіі Касцёла, абвяшчаючы (чытаючы) слова Божае (Канстытуцыя пра святую Літургію — Sacrosanctum Concilium, 29).
Кандыдаты Канстанцін Урбанайць, Антон Жамойда, Міхал Дудко і Павел Надзіч рыхтаваліся да гэтай падзеі амаль два гады: праходзілі навучанне на лектарскім курсе, паглыблялі веды пра Святое Пісанне на фармацыйных сустрэчах, удзельнічалі ў аратарскіх трэнінгах.
Як адзначыў у гаміліі ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB, «Дух Святы дзейнічае праз канкрэтных асобаў», таму трэба па прыкладу апосталаў «вырвацца з зачыненага вячэрніка ўласнага эгаізму, каб сустрэцца з іншым чалавекам і распавесці яму, як моцна Бог яго любіць».
Пасля літургіі слова кандыдаты атрымалі з рук святара альбы — літургічнае адзенне, якое ад гэтага моманту яны будуць апранаць на цэлебрацыі. Таксама кожны, укленчыўшы перад святаром, атрымаў Біблію з напамінам, што адгэтуль ён пакліканы рупліва перадаваць словы Святога Пісання Божаму народу. Абрад прыняцця ў лектары завяршыўся абяцаннямі кандыдатаў любіць і абвяшчаць Божае слова падчас набажэнстваў і ў жыцці.