25 мая ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) прайшла сустрэча духавенства Гродзенскай дыяцэзіі, у межах якой адбылася святая Імша падзяка за 30 гадоў заснавання дыяцэзіі і служэння яе першага біскупа Аляксандра Кашкевіча.
Святары, кансэкраваныя асобы і свецкія катэхеты таксама дзякавалі Богу за 45 гадоў святарства біскупа Гродзенскага.
Як паведамляе партал grodnensis.by, цэлебрацыю Эўхарыстыі на палявым алтары ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. На пачатку літургіі іерарх адзначыў, што прыбыў у гэты санктуарый па прагненні сэрца, каб дзякаваць Богу — праз Марыю і разам з Ёю — за дар жыцця, за ўсе атрыманыя ласкі, а асабліва за гады свайго святарскага і біскупскага служэння.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзяліўся, што ў вырашальныя моманты жыцця Марыя заўсёды была для яго прыкладам «паслухмянасці Божай волі», і назаўсёды застанецца для яго той, якая спадарожнічае, суцяшае і заступаецца.
Падчас Эўхарыстыі іерарх дзякаваў Пану за пражытыя гады ў служэнні Яму, за ўсіх сустрэтых людзей, за кожны ўдзелены сакрамэнт, за ўсё дабро, якое Бог учыніў, выкарыстоўваючы яго як прыладу сваёй ласкі. Біскуп дзякаваў за ўсіх святароў, кансэкраваных асобаў, вернікаў, якіх Пан даручыў яго пастырскай апецы.
У малітве іерарх прасіў Пана весці сям’ю Касцёла на Гродзеншчыне дарогамі веры і Божай любові да нябеснай айчыны.
Гамілію прамовіў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх падкрэсліў, што 30 гадоў з часу заснавання дыяцэзіі і біскупскага пасвячэння яе першага пастыра — нагода да вялікай падзякі Богу і людзям.
Дапаможны біскуп заклікаў каталіцкую супольнасць Гродзеншчыны да салідарнасці і супрацоўніцтва, да пошуку новых душпастырскіх рашэнняў, як заахвочвае вернікаў Папа Францішак у паслясінадальнай адгартацыі Christus vivit («Хрыстус жыве») і біскуп Аляксандр, выступаючы з ініцыятывай І Дыяцэзіяльнага Сіноду.
На заканчэнне літургіі дэкан Лідскага дэканату ксёндз Андрэй Роўба CRL ад імя ўсёй дыяцэзіі павіншаваў біскупа Гродзенскага з гадавінамі святарства і біскупства, запэўніўшы ў няспыннай малітве за свайго пастыра.
Іерарх, у сваю чаргу, заклікаў прысутных і надалей маліцца за яго, каб плённа служыць Касцёлу на Гродзеншчыне.