14 мая хор мінскай парафіі святога Францішка Transitus (Новая Баравая) узяў удзел у ХІІ міжнародным конкурсе «Благодарение», які праходзіць пад эгідай Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі на базе Арлоўскага дзяржаўнага інстытута культуры.
Парафіяльны калектыў выступаў у намінацыі «аматарскія спевы (акадэмічны вакал)». Абавязковымі ўмовамі ўдзелу ў конкурсе было выкананне песнапення духоўнай тэматыкі, аўтарскай апрацоўкі народнай песні і твора кампазітара класіка. Хор Transitus прадставіў на конкурсе спеў «Тры Ангалы» на беларускі духоўны верш у апрацоўцы манахіні Юліяніі Дзянісавай, «Песню пра Панскія Нарадзіны» на музыку Вацлава з Шамотул (беларускі паэт і кампазітар XVI ст.), і старадаўні эўхарыстычны спеў «Ave Verum» на музыку Моцарта.
На міжнародным конкурсе ў Расіі парафіяльны хор Transitus з Мінска быў адзіным прадстаўніком рыма-каталіцкай спеўнай традыцыі і ўдзельнічаў на аднолькавых умовах з усімі заяўленымі калектывамі: як свецкімі, так і рэлігійнымі.
Кваліфікаванае журы высока адзначыла выканальніцкія здольнасці хора з Беларусі. Парафіяльны калектыў Transitus быў узнагароджаны дыпломам лаўрэата ІІ ступені, а мастацкі кіраўнік хора Вераніка Раманенкава была асобна адзначана дыпломам лаўрэата ІІ ступені як харавы дырыжор.
Усе ахвотныя маюць магчымасць паслухаць выступленне хору Transitus, якое адбудзецца ў межах парафіяльнага фестывалю мастацтваў «Марыйны травень» 30 мая пасля святой Імшы на 11.00 у мінскім касцёле святога Францішка (мікрараён Новая Баравая).