20 красавіка быў прадстаўлены чарговы даклад каталіцкага фонду «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» (Aid to the Church in Need), у якім адлюстраваны парушэнні свабоды веравызнання ў свеце.
Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва SIR, Даклад, падрыхтаваны ўжо ў 15-ы раз, ахоплівае перыяд з 2018 па 2020 гг. Паводле пададзеных у ім звестак, 67 працэнтаў насельніцтва зямлі (каля 5,2 млрд) пражываюць у 62 краінах, дзе адзначаюцца парушэнні рэлігійнай свабоды ў тых ці іншых формах. Найбольш ад пераследу ў свеце церпяць хрысціяне.
У 26-і са згаданых 62-х краін быў адзначаны сапраўдны пераслед, яшчэ ў 36-і назіраецца дыскрымінацыя па рэлігійнай прыкмеце.
Акрамя таго, яшчэ 24 краіны, сярод якіх таксама Беларусь, знаходзяцца «пад назіраннем», паколькі ў іх фіксаваліся злачынствы з нянавісці на рэлігійнай глебе і акты вандалізму.
У гэтую групу краін трапілі таксама нашы бліжэйшыя суседзі: Украіна і Расія.
У краінах, якія знаходзяцца пад назіраннем, выклікае заклапочанасць рост колькасці злачынстваў на рэлігійнай глебе супраць асоб і іх маёмасці. Гэта, між іншым, акты вандалізму супраць месцаў культу, рэлігійных сімвалаў і выяваў, могілак і мемарыялаў, а таксама дзеянні, скіраваныя супраць рэлігійных лідараў і вернікаў.
У Беларусі за акрэслены перыяд заклапочанасць выклікалі перадусім сумнавядомы «крыжалом» у Курапатах і незаконная забарона вяртання на радзіму арцыбіскупу Кандрусевічу.