15 красавіка новым дырэктарам Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі быў прызначаны брат Анатоль Ярошка, капуцын, які змяніў на гэтай пасадзе свайго сабрата Андрэя Жылевіча.
Адпаведны дэкрэт падпісаў Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец. Днём раней ён вызваліў ад гэтай пасады брата Андрэя Жылевіча OFMCap, які ўзначальваў архідыяцэзіяльны Caritas на працягу апошніх пяці гадоў.
Біскуп Велікаселец выказаў шчырую падзяку брату Андрэю за добрую працу, адзначыўшы, што дзякуючы яго руплівасці Дабрачыннае каталіцкае таварыства дасягнула новых вышынь, паспяхова рэалізавала нямала праектаў і, што самае галоўнае, дапамагло вялікай колькасці людзей у патрэбе ў надзвычай складаны час пандэміі.
Разам з тым Апостальскі адміністратар пажадаў поспехаў у служэнні новаму дырэктару Caritas Мінск брату Анатолю Ярошку OFMCap, каб на гэтай пасадзе ён гэтак жа рупліва служыў Хрысту і Касцёлу ў братах і сёстрах, якім найбольш патрэбна дапамога і падтрымка.
16 красавіка новы кіраўнік сустрэўся з калектывам супрацоўнікаў і валанцёраў Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і неадкладна прыступіў да выканання ускладзеных на яго адказных абавязкаў.