Пошук

14.04.2021 11:50   Паводле: Grodnensis.by / Фота: Павел Леановіч / Grodnensis.by

13 красавіка ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне ўрачыста адзначылі 30-ю гадавіну з дня заснавання Гродзенскай дыяцэзіі і прызначэння ксяндза Аляксандра Кашкевіча яе першым біскупам.

Як паведамляе Grodnensis.by, у гэты дзень у катэдры сабраліся святары, сёстры законныя, якія служаць у дыяцэзіі, і шматлікія вернікі Гродна, каб супольна дзякаваць Богу за дар дыяцэзіі і служэнне біскупа Гродзенскага.

Урачыстасць пачалася дакладам з падвядзеннем вынікаў 30-годдзя існавання дыяцэзіі, які падрыхтаваў ксёндз доктар Віталій Сідорка. Святар прадставіў гістарычны нарыс утварэння дыяцэзіі і этапы развіцця мясцовага Касцёла з моманту заснавання да сённяшняга дня.

Потым адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне біскуп Аляксандр Кашкевіч.

У гэты дзень іерарх адзначыў 30-годдзе свайго прызначэння біскупам Гродзенскім, а ў маі будзе святкаваць 45-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння.

Гамілію на ўрачыстай Эўхарыстыі прамовіў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі. Ён адзначыў, што падзеі, якая адбылася 30 гадоў таму, чакалі пакаленні вернікаў, бо менавіта тады «над берагамі Нёмана, Віліі і іншых жыццядайных патокаў, сярод залатых пшанічных палёў распачаў свой збаўчы рэйс для вернікаў новы човен, імя якому Гродзенская дыяцэзія».

Дапаможны біскуп дыяцэзіі дадаў, што гэты дзень — нагода падзякаваць Богу за ўсіх сведкаў веры; падзякаваць тым, якія жылі не толькі для сябе, а для Таго, які за іх памёр і ўваскрос.

«Няхай будзе падзяка Богу за перадачу жыцця і веры ў сем’ях, за Хрыстовы позірк у дзеянні паклікання, за лагодны дотык брата і сястры ва ўчынку міласэрнасці, за збіранне камянёў на будаўніцтва новых святынь», — сказаў іерарх.

Па яго словах, трэба, нягледзячы на ўсё, «паклапаціцца, каб у чоўне дыяцэзіяльнага Касцёла заўсёды прысутнічаў Хрыстус Пан», «бо, на жаль, можа здарыцца і так, што чалавек або якаясьці група людзей выплывуць на глыбокія воды без Езуса, пакінутыя толькі выключна на ўласныя сілы, лічачы, што самі ўсё здолеюць».

Таму іерарх заахвоціў і надалей клапаціцца аб прысутнасці і перадачы Божага слова як у літургіі, так і ў хатняй цішыні. «Неабходна пазнаваць і прымаць Божае слова, бо толькі з яго зерня нараджаецца вера і благаслаўленне», — дадаў ён.

Біскуп нагадаў і пра важнасць Эўхарыстыі, дзякуючы якой жыве Касцёл, і святкаванне дня Панскага — нядзелі.

«Каб дыяцэзія была жывой, Эўхарыстыя павінна быць у цэнтры жыцця», — падкрэсліў іерарх.

Таксама ён адзначыў, як важна адкрывацца для іншага чалавека, назваўшы гэта задачай для ўсіх. «Майце вочы, адкрытыя на ўсіх патрабуючых, асабліва на шматдзетныя сем’і, пажылых людзей і людзей без працы, за якіх у гэты асаблівы год заступаецца святы Юзаф», — сказаў біскуп.

Далей ён заклікаў да салідарнасці і супрацоўніцтва ўсіх, хто ўтварае Касцёл на Гродзеншчыне, і пошуку ўсё новых душпастырскіх рашэнняў, да чаго заахвочваюць вернікаў Папа Францішак у паслясінадальнай адгартацыі Christus vivit («Хрыстус жыве») і біскуп Аляксандр Кашкевіч, выступаючы з ініцыятывай Першага дыяцэзіяльнага Сіноду.

 

Падчас Імшы асаблівым чынам маліліся за ўсіх, хто ўтварае Гродзенскую дыяцэзію: святароў, сясцёр законных, семінарыстаў і вернікаў, каб адзін дух і адно сэрца ажыўлялі ўсіх і ніхто ні ў чым не адчуваў недахопу.

У малітве памяталі і пра ўсіх дабрадзеяў Касцёла, дзякуючы якім у Касцёле на Гродзеншчыне ўзніклі новыя святыні і былі рэалізаваны разнастайныя душпастырскія праекты.

Таксама маліліся за ўсе справы і ініцыятывы, якія з’яўляюцца ў дыяцэзіі, за ўсіх членаў малітоўных груп і душпастырстваў, за навучэнцаў тэалагічнага каледжа, супрацоўнікаў дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas, рэдакцыі, выдавецтва, касцёльнага суду, за ўсіх памерлых, якія прычыніліся да захавання веры на нашых землях, ахвярна абвяшчаючы Божае слова і прыводзячы іншых да збаўлення.

На заканчэнне Імшы віншаванні ў адрас біскупаў Аляксандра і Юзафа выказалі канцлер біскупскай курыі ксёндз канонік Аляксандр Мацкевіч, а таксама навучэнцы Тэалагічнага каледжа святога Казіміра ў Гродне.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч у гэты выключны і радасны для ўсёй дыяцэзіі дзень выказаў удзячнасць Богу за ўсе ласкі, удзеленыя Ім Касцёлу на Гродзеншчыне на працягу гэтых 30 гадоў, удзячнасць Найсвяцейшай Панне Марыі, Маці Міласэрнасці, галоўнай Апякунцы дыяцэзіі, і святым Казіміру і Максімільяну, дадатковым апекунам, за апеку і заступніцтва перад Богам.

Асаблівыя словы падзякі прагучалі ў адрас святога Яна Паўла ІІ, які прачытаў знакі часу, паклікаўшы ў 1991 годзе да існавання Гродзенскую дыяцэзію і адрадзіўшы касцёльныя структуры ў нашай краіне.

Іерарх падкрэсліў, што 30-я гадавіна заснавання дыяцэзіі — нагода яшчэ раз зірнуць на шлях, які ўжо прайшоў наш Касцёл.

«На гэтым шляху Пан Бог ставіў канкрэтных людзей, якія стваралі і далей ствараюць гісторыю нашай дыяцэзіі. Гэта дзякуючы ім мы маглі здзяйсняць і развіваць духоўныя і матэрыяльныя справы, якія служаць Касцёлу», — сказаў біскуп.

Ён падзякаваў таксама мінулым пакаленням святароў і вернікаў, якія захавалі веру на нашых землях і ўмела перадалі яе наступным пакаленням.

«У мяне ў жывой памяці шмат адданых і руплівых асоб, якія ў цяжкія часы пераследу Касцёла баранілі тое, што святое і Божае, а потым з маладым запалам адбудоўвалі знішчанае, узводзілі новыя касцёлы і капліцы, а верай дзяліліся, як хлебам», — адзначыў пастыр дыяцэзіі. Многія з іх ужо адышлі па ўзнагароду да Пана, але, як падкрэсліў іерарх, пакінулі на зямлі бачны след, іх імёны засталіся ўпісанымі ў гісторыі Касцёла, а прыклад іх глыбокай і простай веры і прывязанасці да Хрыстовага Касцёла дапамог перажыць цяжкія часы і пераслед.

Словы ўдзячнасці былі адрасаваныя арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу за вялікі ўнёсак у адраджэнне Касцёла на Беларусі і кампетэнтную дапамогу ў заснаванні Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама ўсім, хто прычыніўся да надання ёй духоўнай формы і ўтварэння арганізацыйных структур.

Іерарх падзякаваў і біскупу Юзафу Станеўскаму, свайму найбліжэйшаму супрацоўніку ў дыяцэзіі, за шматгадовы клопат і падрыхтоўку многіх пакаленняў святароў і іх духоўную, інтэлектуальную і чалавечую фармацыю.

З вуснаў пастрыра прагучала падзяка ўсім святарам і сёстрам законным, якія служылі і служаць на Гродзеншчыне, за штодзённую працу здабывання сэрцаў людзей для Бога, за ўсё дабро, якое вернікі атрымліваюць праз іх служэнне кожны дзень.

Таксама біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуўся да ўсіх вернікаў дыяцэзіі, заахвоціўшы іх маліцца адзін за аднаго і быць сведкамі Уваскрослага Хрыста ў сваіх супольнасцях і акружэнні.

«Удзячныя Пану Богу і людзям за тое, што было здзейснена з даверам, надзеяй і пачуццём адказнасці за веру, будзем глядзець у будучыню, бо яна ў вялікай меры залежыць ад кожнага з нас. Будзем нястомна прасіць Пана, каб даваў нам адчуць сваю прысутнасць і ўмацоўваў нашу веру ў тое, што Ён ніколі не пакідае човен Касцёла», — дадаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Абноўлена 14.04.2021 11:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.