11 красавіка ў парафіі Божай Міласэрнасці ў Асіповічах адбылася адпустовая ўрачыстасць. Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
У гаміліі іерарх нагадаў, што свята Божай Міласэрнасці ўстанавіў сам Езус, паведаміўшы праз святую сястру Фаўстыну Кавальскую, што гэта адзіны і апошні паратунак для чалавецтва.
У гэты дзень паўсюдны Касцёл моліцца аб міласэрнасці для свету і заклікае людзей быць міласэрнымі.
Як сцвердзіў біскуп, на старонках Святога Пісання захавалася сведчанне пра Божую дабрыню і любоў, аднак зразумець усю сутнасць Божай міласэрнасці дапамагаюць менавіта падзеі Пасхальнага Трыдууму.
У Вялікі чацвер, як адзначыў іерарх, Езус устанавіў сакрамэнты святарства і Эўхарыстыі, якія не могуць існаваць адзін без аднаго і якія з’яўляюцца дарамі міласэрнага Бога для збаўлення чалавека.
У Вялікую пятніцу Езус з крыжа даў людзям самае дарагое, што меў на зямлі, — сваю Маці, і з таго моманту Марыя стала Маці для кожнага чалавека. Гэта, як падкрэсліў біскуп Аляксандр, таксама дар Божай міласэрнасці. З крыжа Езус прабачае злачынцу, які пакаяўся, і праз гэта паказвае шлях да прабачэння — шчырае пакаянне.
Езус, будучы прыбітым да крыжа, маліўся да Бога Айца аб прабачэнні для ўсіх, пакідаючы нам прыклад, як трэба прабачаць. І гэта, як дадаў біскуп, асабліва актуальна ў сітуацыі крызісу ў нашай краіне.
Вялікдзень — гэта радасць змёртвыхпаўстання. Біскуп нагадаў, што ўваскрослы Езус увайшоў да апосталаў праз зачыненыя дзверы і прынёс ім супакой, дар Духа Святога і моц адпускаць грахі. Устанаўленне сакрамэнту пакаяння было чарговым дарам міласэрнага Езуса.
Гэты год аб’яўлены ў Беларусі «Годам народнага адзінства». Але, як падкрэсліў біскуп Аляксандр, каб дасягнуць адзінства, патрэбны павага да кожнага, пакаянне і прабачэнне.
«І аб гэтым трэба маліцца», — заклікаў іерарх.
На заканчэнне гаміліі іерарх у малітоўным закліку прасіў Божай дапамогі для кожнага чалавека, каб, па прыкладу Збаўцы, людзі кіраваліся міласэрнасцю ў сваім жыцці. «Дары Божай міласэрнасці няхай дапамагаюць нам на шляху, які вядзе да дома Нябеснага Айца», — заключыў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.