10 красавіка, напярэдадні Нядзелі Божай Міласэрнасці, Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі sede vacante біскуп Казімір Велікаселец ОР узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў мінскім касцёле Маці Божай Будслаўскай, дзе адкрыў мемарыял «Духоўнае адзінства».
У мерапрыемстве ўзяў удзел протадыякан суседняй праваслаўнай парафіі «Усіх тужлівых Радасць» Яраслаў Блізнюк, актыўны ўдзельнік дабрачынных праектаў пры Цэнтры духоўнай асветы і сацыяльнага служэння Беларускага Экзархату.
У гаміліі біскуп Казімір Велікаселец нагадаў, што міласэрнасць — гэта адна з найважнейшых хрысціянскіх цнотаў.
Як сцвердзіў іерарх, у кожным чалавеку, незалежна ад яго недахопаў, варта бачыць Божы вобраз. Праз першародны грэх людзі страцілі сувязь са Стварыцелем, аднак Бог працягваў любіць іх і таму паслаў на зямлю Збавіцеля. Таксама ў ХХ стагоддзі Бог абраў святую Фаўстыну, каб яшчэ раз сказаць свету пра сваю бязмежную міласэрнасць да чалавецтва.
Пробашч парафіі Маці Божай Будслаўскай ксёндз канонік Францішак Рудзь у сваім звароце адзначыў, што міласэрнасць — гэта не проста шчырае жаданне дапамагчы іншаму; гэта таксама прабачэнне і ўчынкі, напоўненыя любоўю. Міласэрнасць, як дадаў святар, была галоўнай тэмай пропаведзяў Езуса Хрыста.
Справядлівасць без міласэрнасці — шлях, які вядзе ў тупік. Таму Нядзеля Божай Міласэрнасці, на думку ксяндза Францішка, з’яўляецца асаблівым напамінам аб прабачэнні і прымірэнні.
Падзея адкрыцця мемарыялу «Духоўнае адзінства» адбылася напярэдадні свята Божай Міласэрнасці і ў 90-ю гадавіну містычных аб’яўленняў святой Фаўстыне Кавальскай.
Невыпадкова асновай мемарыялу стала цэгла з хаты ў вёсцы Глаговец, у якой нарадзілася польская святая, вядомая як апостал Божай Міласэрнасці.