Пошук

12.04.2021 12:10   Тэкст і фота: Ганна Трызнюк / Catholic.by

11 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Маці Божай Ружанцовай у Мінску (Лошыца), якая ў гэты дзень адзначала парафіяльную ўрачыстасць.

Іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, на пачатку якой адбылося ўчачыстае ўнясенне рэліквій святой сястры Фаўстыны — апостала Божай Міласэрнасці. Рэлікварый будзе знаходзіцца ў парафіяльнай капліцы, а пасля плануецца перанесці яго ў санктуарый Божай Міласэрнасці, які будуецца ў гэтым мінскім мікрараёне.

Ушанаванне рэліквій (мошчаў) святых вядома ў Касцёле са старадаўніх часоў. Молячыся пры рэліквіях святых і благаслаўлёных, вернікі просяць праз іх заступніцтва Божага благаслаўлення і патрэбных ласкаў.

Малітва перад рэліквіямі святой Фаўстыны скіроўвае думкі да паслання Міласэрнасці, якое падбадзёрвае дух чалавека і паказвае міласэрную любоў Бога да кожнага.

Падчас гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на значэнне «Дзённіка» святой Фаўстыны, які з’яўляецца сапраўдным духоўным багаццем і своеасаблівым кіраўніцтвам па выхаду з самых розных крызісаў.

Іерарх нагадаў, што яшчэ адным знакаў культу Божай Міласэрнасці з’яўляецца абраз Езуса Міласэрнага, які быў намаляваны па просьбе самога Хрыста. У адным са сваіх аб’яўленняў у 1932 годзе святая сястра Фаўстына атрымала ад Езуса канкрэтныя ўказанні як намаляваць Яго выяву. Праз святую Фаўстыну Бог паабяцаў, што душа, якая будзе ўшаноўваць Божую Міласэрнасць і гэты абраз, ніколі не загіне.

 

Парафіяльную ўрачыстасць упрыгожылі спевы дзіцячага гурта «Міхаэлькі» і дарослага хору. Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікі хору правялі малітву Вяночак да Божай Міласэрнасці, а арцыбіскуп Кандрусевіч прысвяціў Бацькаўшчыну Божай Міласэрнасці.

Пасля супольнай малітвы іерарх у нязмушанай сямейнай атмасферы паразмаўляў з вернікамі парафіі.

Абноўлена 12.04.2021 12:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.